BE RU EN

G7 пагражае новымі санкцыямі за зрыў менскіх дамоўленасцей

  • 14.02.2015, 8:29

Лідары «Вялікай сямёркі» зрабілі сумесную заяву.

Краіны «Вялікай сямёркі» заяўляюць, што гатовыя ўжыць адпаведныя захады ўздзеяння супраць тых, хто не будзе выконваць новыя менскія дамоўленасці. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай у пятніцу, 13 лютага, заяве G7, паведамляе Liga.net.

«G7 гатовая прыняць адпаведныя захады супраць тых, хто парушае «менскі пакет», узмацняючы кошт для іх, асабліва супраць тых, хто не выконвае дамоўленасці аб усёабдымным спыненні агню і вывадзе цяжкага ўзбраення», - гаворыцца ў заяве.

Лідары Канады, Францыі, Нямеччыны, Італіі, Японіі, Вялікабрытаніі, ЗША, прэзідэнты Еўрапейскай рады і Еўракамісіі выказалі занепакоенасць у сувязі з абвастрэннем сітуацыі ў раёне Дэбальцава, дзе актывізаваліся дзеянні сепаратыстаў пры падтрымцы Расеі.

«Мы ў чарговы раз асуджаем незаконную анэксію Крыма Расеяй, што з'яўляецца парушэннем міжнароднага права», - таксама адзначыла «Вялікая сямёрка».

У заяве лідары самых развітых эканомік свету віталі пастанову МВФ аб надаванні Украіне крэдытнай праграмы ў 17,5 млрд даляраў.

Нагадаем, у Менску 12 лютага пасля цяжкіх перамоваў працягласцю блізу 15 гадзін лідары Украіны, Нямеччыны, Францыі і РФ, а таксама ўдзельнікі кантактнай групы ў спыненні вайны ў Данбасе адобрылі новае пагадненне. Вынікам сустрэчы стаў «Комплекс захадаў у выкананні Менскіх пагадненняў» - неадназначны для Украіны дакумент, адзін з пунктаў якога прадугледжвае спыненне агню ў Данбасе 15 лютага з 00 гадзін па кіеўскаму часу.

Пасля падпісання новага пагаднення аб урэгуляванні сітуацыі ў Данбасе на ўсходзе Украіны акупанты прадоўжылі актыўныя баявыя дзеянні па ўсёй лініі фронту.

Апошнія навіны