BE RU EN

Пяскоў растлумачыў, чаму РФ не будзе выконваць Менскія дамоўленасці

  • 13.02.2015, 16:34

Расея не мае намеру вызваляць Надзею Саўчанку і не ўважае сябе за бок, які павінны выконваць пагадненні, пра якія дамовіліся ў Менску.

Пытанне вызвалення ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі на перамовах «нармандскай чацвёркі» ў Менску як такое не ўздымалася. Пра гэта заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў, паведамляе РІА «Новости».

«Безумоўна, яна згадвалася ўкраінскім бокам, на што прэзідэнт паўтарыў шматкроць выказаную пазіцыю, што ў гэтым выпадку ў дачыненні да яе выконваюцца следчыя працэдуры, - сказаў Пяскоў. - Ніякіх запэўненняў з расейскага боку на гэты конт [вызвалення зняволенай] быць не магло».

Як нагадаў Пяскоў, расейскі лідар Уладзімір Пуцін неаднаразова казаў пра тое, што пытанне аб вінаватасці або невінаватасці ўкраінскай лётчыцы будзе разгледжанае ў судовым парадку, піша «Інтэрфакс».

Прэс-сакратар прэзідэнта таксама адзначыў, што на менскіх перамовах не ўздымалася тэма санкцый супраць Масквы і лёсу Крыму. «Пытанне пра санкцыі - гэта не наша пытанне, - сказаў Пяскоў у інтэрв'ю ТАСС. - Гэта пытанне тых, хто гуляе з гэтай вострай з абодвух бакоў зброяй».

Прадстаўнік прэзідэнта таксама падкрэсліў, што Масква з'яўляецца гарантам украінскага ўрэгулявання, а не бокам, які выконвае комплекс скіраваных на гэта мер. «Мы проста не можам гэтага рабіць фізічна, бо Расея не з'яўляецца ўдзельнікам гэтага канфлікту», - сказаў Пяскоў.

Раней прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў, што ўдзельнікі менскай сустрэчы дамовіліся аб вызваленні Саўчанкі.

Апошнія навіны