BE RU EN

Верхаводы ЛНР і ДНР адмовіліся падпісваць дакумент «нармандскай чацвёркі»

  • 12.02.2015, 11:27

Верхаводы ДНР і ЛНР Аляксандр Захарчанка і Ігар Платніцкі не сталі падпісваць дакумент, выпрацаваны паводле вынікаў перамоваў у Менску.

Пра гэта паведаміла «Интерфаксу» крыніца, знаёмая з сітуацыяй, у беларускай сталіцы.

«Наколькі мне вядома, Захарчанка і Платніцкі гэты дакумент не падпісалі», - сказала крыніца «Интерфакса».

Раней паведамлялася, што выніковы дакумент на пасяджэнні кантактнай групы ў Менску прывёз памочнік прэзідэнта РФ Уладзіслаў Суркоў.

Чакалася, што Захарчанка і Платніцкі, якія прыбылі ў сталіцу Беларусі, паставяць свае подпісы пад гэтым дакументам.

«Аднак пакуль яны гэтага рабіць не сталі», - сказала крыніца «Интерфакса».

Пра прычыны адмовы візаваць выніковыя дакументы крыніца не паведаміла.

Між тым, спецпрадстаўнік АБСЕ Хайдзі Тальявіні, якая брала ўдзел у перамовах трохбаковай групы, пакінула дом прыёмаў МЗС Беларусі, села ў аўтамабіль і з'ехала. Пазней яна далучылася да перамоваў у «нармандскім фармаце», якія праходзяць у Палацы незалежнасці.

Апошнія навіны