BE RU EN

Актывісты «Антымайдана» разагналі антываенны пікет у Маскве

  • 1.02.2015, 13:19

Актывісты пракрамлёўскага руху сарвалі ўзгоднены пікет супраць вайны ва Украіне.

Акцыю, якая праходзіла на плошчы побач з метро "Аляксееўская", анансавалі ў закрытых групах у сацсетках. Прыхільнікі "Антымайдана" з нецэнзурнай лаянкай вырывалі плакаты і сцягі з рук пікетоўцаў, а таксама білі іх, правакуючы бойкі, піша "Новая газета".

Са слоў удзельнікаў, паліцыя была прадстаўленая адным сяржантам. "Далей правакатары ўзмацнялі агрэсію. Пачалі збіваць удзельнікаў пікету. Давялося выклікаць яшчэ патруль паліцыі", - адзначылі актывісты.

Са слоў відавочцаў, некаторыя з прыхільнікаў "Антымайдана" былі ў стане алкагольнага ап'янення. Актывісты прасілі паўплываць на іх і спыніць хуліганскія дзеянні, але паліцыя не рэагавала.

Адзін з паліцыянтаў вырваў плакат ў пікетоўцы і дэманстрацыйна пашматаў яго, сам пры гэтым роў журналістам, што здымаць яго нельга. Ён жа саўгануў у камеру журналістцы "Граняў" Аляксандры Агеевай.

Агулам на пікеце было пад 30 чалавек, у тым ліку антымайданаўцаў. Нягледзячы на правакацыі, абышлося без затрыманняў.

Удзельнікі антываеннага пікету, каб унікнуць эскалацыі канфлікту, сышлі з плошчы, а "нашысты" засталіся, узняўшы сцягі "Наваросіі" і з трыумфам ўвамкнулі праз калонкі "Развітанне славянкі". Паліцыю гэта не збянтэжыла, нягледзячы на тое, што ў рамках пікету такая тэхніка забароненая.

Апошнія навіны