Дэпутат Дзярждумы: У Расеі бязвыхадная пазіцыя
- 1.02.2015, 12:37
Расейская афіцыйная пазіцыя грунтуецца на "пацанскай логіцы", мяркуе Ілля Панамароў.
У варунках, калі Украіна не знаходзіцца афіцыйна ў стане вайны, не абвешчанае ваеннае становішча, не правільна выкарыстоўваць такія разнастайныя эўфемізмы кшталту "дзяржава-агрэсар".
Такі пункт гледжання ў інтэрв'ю "Главкому" выказаў адзіны дэпутат расейскай Дзярждумы, які ў сакавіку мінулага года прагаласаваў супраць анэксіі Крыма, Ілля Панамароў, каментуючы пастанову ўкраінскай Рады прызнаць Расею "дзяржавай-агрэсарам".
"Гэтая пастанова не можа ніяк адбіцца на Расеі. Палавіністасць - дрэнная палітыка. Ну, калі вы самі не абвяшчаеце ваеннае становішча, як можна разлічваць, што хтосьці яго абвесціць за вас? Абсалютны максімум, які можа адбыцца цяпер, і чаго павінна намагаць сёння ўкраінская ўлада - развязання пытання з Надзеяй Саўчанкай", - мяркуе Панамароў.
Паводле слоў расейскага палітыка, паміж ПАРЕ і Расеяй няма наўпроставага торгу аб вызваленні арыштаванай украінскай лётчыцы і палітыка Надзеі Саўчанка.
"Ну, там жа няма наўпроставага торгу. Ніхто ж не кажа: вось вы вызваліце, а мы вам наўзамен вось гэта зробім. Тым больш што ў парламенцкім фармаце торг, наогул, ускладнены - бо ён адразу ж стане публічным. Ды і ПАРЕ - гэта больш проста кансультацыйная арганізацыя. Асаблівага ўплыву яна не мае. Але расейская пазіцыя традыцыйная для нашай пецярбуржскай і вайсковай эліты - гэта абсалютна «пацанская логіка»: упарта стаяць на сваім, ні кроку назад, ні ў якім разе не паказваць слабасць, не весці перамовы і гэтак далей. Бязвыхадная пазіцыя", - сказаў дэпутат.