BE RU EN

ЕЗ мае намер прадоўжыць санкцыі супраць РФ яшчэ на паўгода

  • 2.12.2015, 21:31

Адпаведная пастанова можа быць прынятая Радай ЕЗ 14 снежня.

Еўразвяз мае намер прадоўжыць эканамічныя санкцыі супраць Расеі яшчэ на паўгода. Ёсць "агульная згода" ісці ў гэтым кірунку, заявіў міністр замежных спраў Гішпаніі Хасэ Мануэль Гарсія-Маргальё ў Брусэлі ў сераду, 2 снежня. Еўрапейскія дыпламаты пацвердзілі агенцтву dpa ягоныя словы. Цяпер гэты намер павінен быць фармалізаваны. Наступная сустрэча кіраўнікоў МЗС краін ЕЗ запланаваная на 14 снежня, піша Deutsche Welle.

Тэрмін дзеяння эканамічных санкцый у дачыненні да Масквы, упершыню уведзеных Еўразвязам у ліпені 2014 года ў сувязі з канфліктам на ўсходзе Украіны, мінае 31 студзеня. Умовай для іх скасавання названае поўнае выкананне менскіх пагадненняў. Персанальныя санкцыі супраць расейцаў і ўкраінцаў, а таксама супраць некаторых юрыдычных асоб у сувязі з анэксіяй Крыма і падзеямі на Данбасе дзейнічаюць да 15 сакавіка 2016 года.

Абмежавальныя захады ў сувязі з анэксіяй Крыму (распаўсюджваюцца на імпарт крымскіх тавараў у краіны ЕЗ, інвестыцыі ў крымскую нерухомасць, турыстычную дзейнасць у Крыме) мінаюць 23 чэрвеня 2016 года.

Апошнія навіны