NATO прыме стратэгію процідзеяння гібрыднай вайне
- 30.11.2015, 18:31
Таксама будзе распрацаваная новая канцэпцыя стасункаў з Расеяй як з галоўнай пагрозай для бяспекі.
Як паведамляе карэспандэнт УНІАН, пра гэта сёння ў Брусэлі паведаміў генеральны сакратар Альянсу Ёнс Столтэнбэрг, анансуючы парадак дня пасяджэння міністраў замежных спраў краін NATO, якое адбудзецца 1-2 снежня.
«Мы прымем новую стратэгію ў дачыненні да «гібрыднай вайны». Гэта важны крок. Наша новая стратэгія дапаможа нам падрыхтавацца і абараняцца ад «гібрыдных» пагроз», - сказаў ён.
Акрамя таго, са слоў Столтэнбэрга, міністры дадуць ацэнку, як «мы будзем прадаўжаць нашыя стасункі з Расеяй». «Дзеянні Расеі ва Украіне прыводзяць да новых рызык для нашай бяспекі. Нам трэба аднавіць прадказальнасць у нашых стасунках», - падкрэсліў генеральны сакратар Альянсу.
Таксама, паводле ягоных слоў, хаўруснікі далей будуць «працаваць над празрыстасцю і зніжэннем рызык». «Важнасць гэтага была падкрэсленая інцыдэнтам, які адбыўся на мінулым тыдні з расейскім самалётам у небе Турцыі», - дадаў Столтэнбэрг.