BE RU EN

Якія страты панясе Беларусь, калі Пуцін прымусіць Лукашэнку да санкцый супраць Турцыі?

  • 30.11.2015, 11:45

Экспэрты прааналізавалі, што далучэнне Беларусі да блакады Турцыі, будзе мець відавочныя негатыўныя наступствы для нашай краіны.

У сярэдзіне лістапада на Беларускім інвестыцыйным форуме ў Стамбуле прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў абмяркоўваў магчымасць павелічэння ўзаемнага тавараабароту Беларусі і Турцыі да аднаго мільярда даляраў у 2016-м годзе.

Экспэрты «Заўтра тваёй краіны» прааналізавалі, што магчымае далучэнне Беларусі да блакады Турцыі, будзе мець відавочныя негатыўныя наступствы для нашай краіны.

Гандаль

Турцыя - адзін з ключавых гандлёвых партнёраў Беларусі. У сярэдзіне лістапада на Беларускім інвестыцыйным форуме ў Стамбуле, у якім бяруць удзел афіцыйныя асобы і бізнэсоўцы, абмяркоўвалася магчымасць павелічэння ўзаемнага тавараабароту Беларусі і Турцыі да аднаго мільярда даляраў у 2016-м годзе. Кіраўнік беларускага ўрада Андрэй Кабякоў выказаў надзею на «выбуховае» развіццё двухбаковага супрацоўніцтва і выразна пазначыў прыярытэты: Турцыя можа ўкласці інвестыцыі ў будаўнічую сферу Беларусі, а беларускі бок прапануе турэцкім партнёрам розныя тавары і паслугі - ад калійных угнаенняў да высокіх тэхналогій.

У гэтым годзе назіраецца рост тавараабароту паміж краінамі. Менавіта з Турцыяй у Беларусі больш за ўсё выраслі аб'ёмы замежнага гандлю.

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, за 9 месяцаў беларуска-турэцкі тавараабарот склаў 487,8 млн. даляраў, павялічыўшыся на 15,7% да аналагічнага перыяду мінулага года.

Топ-12 найбуйнейшых гандлёвых партнёраў Беларусі ў студзені-верасні 2015

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь

За 9 месяцаў у Беларусь было пастаўлена турэцкіх тавараў на 377,2 млн. даляраў, што на 24,9% больш, чым летась. Турэцкія вытворцы ўваходзяць у сямёрку найбуйнейшых імпарцёраў тавараў у нашу краіну.

А для беларускіх экспарцёраў турэцкі рынак з'яўляецца 18-м па значэнні. У студзені-верасні ў Турэцкую Рэспубліку было адгружана беларускай прадукцыі на 110,6 даляраў: 92,4% да аналагічнага перыяду мінулага года.

Які ўзнік паміж Анкарой і Масквой канфлікт, відавочна, паставіць крыж на праекце «Паўднёвы паток», пры рэалізацыі якога планаваўся транзіт расейскага газу праз Турцыю ў Еўропу.

Не выключана, што гэта адродзіць ідэю будаўніцтва ў Беларусі другой галіны газаправода «Ямал-Еўропа». Хоць дадатковыя аб'ёмы газу Расея можа перапампаваць у абыход нашай краіны: па «Паўночнай плыні».

Турызм

Пуцін увёў забарону на наведванне расейскімі турыстамі Турцыі. Аналагічны крок стаў бы для беларусаў шокам. Для іх гэта - самае папулярнае месца адпачынку.

Топ-10 папулярных у беларусаў кірункаў адпачынку ў 2014

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь

Працоўныя рэсурсы

Паводле звестак Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, у студзені-верасні гэтага года ў краіне працавалі 505 грамадзян Турцыі.

Па колькасці працоўных мігрантаў, занятых у беларускай эканоміцы, туркі займаюць 6-е месца, больш толькі ўкраінцаў, кітайцаў, расейцаў, узбекаў і літоўцаў.

Топ-6 галоўных пастаўшчыкоў працоўных рэсурсаў у Беларусь у студзені-верасні 2015 г.

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь

Бізнэс

Беларусь - прывабная краіна і для турэцкіх інвестараў, якія ўкладваюць грошы ў нерухомасць, сэрвіс, тэлекамунікацыі і іншыя галіны.

«Заўтра тваёй краіны» склаў топ-5 найбуйнейшых праектаў у Беларусі з удзелам турэцкага капіталу.

«БеСТ»

У 2008 годзе турэцкая тэлекамунікацыйная кампанія Turkcell, адным з галоўных акцыянераў якой з'яўляецца Мехмет Эмін Карамехмет, набыла ў беларускай дзяржавы за 600 млн. даляраў 80% долю ў ЗАТ «БеСТ». На базе гэтага актыву быў створаны аператар GSM-сувязі, які прапануе паслугі пад брэндам life :). Згодна з умовамі ўгоды, Turkcell цягам некалькіх апошніх гадоў выплаціла ратамі беларускай дзяржаве 500 млн. даляраў. Тыя, што засталіся 100 млн. даляраў турэцкая кампанія павінна пералічыць, калі яе беларуская «дачка» закончыць год з чыстым прыбыткам.

Princess International Group

Уладальнік Princess International Group Судзі Озкан інвеставаў у адну з найбуйнейшых на беларускім ігральным рынку сетку казіно Princess. У 2008 годзе бізнэсоўца адкрыў першы пяцізоркавы гатэль у Беларусі - Crownе Plaza (брэнд належыць брытанскай InterContinental Hotels Group).

Да 2019 года Озкан плануе пабудаваць яшчэ адзін гатэль у беларускай сталіцы: на месцы выкупленага Паліграфкамбіната імя Якуба Коласа.

Renaissance Construction

У 2013 годзе на беларускі будаўнічы рынак выйшла адна з найбуйнейшых турэцкіх кампаній: Renaissance Construction. Яна атрымала кантракт на ўзвядзенне ў цэнтры Менска шматфункцыянальнага комплексу Galleria Minsk. У аб'ект будзе інвеставана блізу 150 млн. даляраў, у рамках праекта павінны быць збудаваны гатэль DoubleTree by Hilton.

Тez Tour

Адзін з найбуйнейшых тураператараў у СНД, саўладальнікам якога з'яўляецца турак Левент Айдын, практычна адразу пасля выхаду на беларускі рынак заняў на ім вядучае месца. Кампанія з'яўляецца адным з найбуйнейшых франчайзером у беларускай эканоміцы.

Ucar Group

Магілёў - галоўны рэгіянальны цэнтр турэцкага бізнэсу ў Беларусі. У гэтым горадзе, у тым ліку, размешчаныя некалькі прадпрыемстваў Ucar Group, створаных Учарам Тэіпам. У 1992 годзе ён наладзіў вытворчасць пасцельнай бялізны, ручнікоў, халатаў на фабрыцы «Карбелтэкс». У 2011 годзе запусціў на тэрыторыі СЭЗ «Магілёў» першую ў нашай краіне вытворчасць дзіцячых падгузнікаў: фабрыку «БелЭмса». Холдынг таксама інвестуе ў магілёўскую нерухомасць і вытворчасць будаўнічых матэрыялаў.

Нагадаем, што прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб прымяненні спецыяльных эканамічных захадаў у дачыненні да Турцыі. У адплату за збіты бамбавік «Су-24» прэзідэнт РФ увёў забарону на ўвоз у Расею асобных відаў турэцкіх тавараў, абмежаванні ў працоўных мігрантах, турызме, бізнэсу.

Апошнія навіны