BE RU EN

Анджэй Дуда: NATO павінна павялічыць вайсковую прысутнасць на ўсходзе Еўропы

  • 3.11.2015, 18:43

NATO павінна павялічваць вайсковую прысутнасць у краінах Цэнтральна-Усходняй Еўропы ў сувязі са зменамі ў сферы бяспекі.

Пра гэта заявіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда на супольнай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Румыніі Клаўсам Ёханісам у Бухарэсце, піша "Еўрапейская праўда".

"У нас адназначнае меркаванне, што прысутнасць NATO ў нашай частцы Еўропы павінна быць павялічаная. Гэта натуральнае развіццё і гэта пытанне ўстойлівага развіцця NATO", - сказаў Дуда.

Польскі прэзідэнт дадаў, што гаворка таксама ідзе аб павелічэнні інфраструктуры, якой змогуць скарыстацца польскія войскі, а таксама вайсковыя падраздзяленні NATO.

"Мы будзем пераконваць нашых партнёраў падчас заўтрашняй сустрэчы, а таксама падчас саміту NATO ў Варшаве", - запэўніў ён.

У сераду лідары краін усходняга флангу NATO сустрэнуцца ў Бухарэсце на запрашэнні прэзідэнтаў Польшчы і Румыніі. У сустрэчы возьмуць удзел прэзідэнты Балгарыі, Эстоніі, Вугоршчыны, Латвіі, Літвы, Славакіі ды кіраўнік ніжняй палаты парламента Чэхіі.

Як вядома, пасля анэксіі Крыма і агрэсіі Расеі на Данбасе NATO павялічыла колькасць сіл хуткага рэагавання да 40 тысяч.

У 8 краінах на ўсходзе Еўропы павінны быць створаны лагістычныя цэнтры. Амерыканцы таксама маюць намер размясціць цяжкае ўзбраенне ў краінах Цэнтральнай Еўропы, у тым ліку ў Польшчы.

Апошнія навіны