У Малдове прайшлі шматтысячныя антыўрадавыя пратэсты
- 29.11.2015, 18:46
У Кішынёве і ў сямі іншых гарадах Малдовы прайшлі шматтысячныя акцыі пратэсту, арганізаваныя праеўрапейскай грамадзянскай платформай "Годнасць і праўда".
Пра гэта паведамляе "Еўрапейская праўда" са спасылкай на выданне jurnal.md.
Так, акрамя Кішынёва, акцыі прайшлі ў Сараках, Аргееве, Бельцах, Хінчэштах, Кагуле, Унгенах.
Па выніках мітынгу ў Кішынёве была прынятая рэзалюцыя з патрабаваннем расследавання Інтэрполам дзейнасці алігарха Плахатнюка, якога абвінавачваюць у павышэнні тарыфаў на электраэнергію і газ, а таксама атрыманні 18 млн даляраў ад Расеі, подкупе суддзяў, і вывадзе з банкаўскай сістэмы мільярдаў.
Удзельнікі пратэстаў патрабуюць вяртання грошай у дзяржаву.
Акрамя таго, удзельнікі пратэстаў хочуць дамагчыся рэферэндуму, які б дазволіў "вярнуць дзяржаву народу і пазбавіцца ад алігархаў".
Пратэстоўцы выступаюць таксама за магчымасць абіраць і адклікаць прэзідэнта краіны. Акрамя таго, яны патрабуюць скасавання дэпутацкай недатыкальнасці і скарачэння колькасці парламентарыяў з 101 да 71 чалавека.
Варта адзначыць, што платформа "Годнасць і праўда" праводзіла некалькі маштабных мітынгаў.
Пачынаючы з 6 верасня, мітынгі працягваліся нон-стоп на плошчы Вялікага нацыянальнага сходу, дзе размешчаны намётавы гарадок "Годнасці і праўды".