BE RU EN

Прадпрымальнікі: Працуем толькі да 1 студзеня

  • 28.11.2015, 9:55

Многія рынкі ў Беларусі ўжо сёння амаль пустыя.

Індывідуальныя прадпрымальнікі Гомеля з трывогай і разгубленасцю сустрэлі пацверджанне беларускага Міністэрства ў падатках і зборах, што рэалізацыя тавараў, уключаных у вопіс рэшткаў, заканчваецца 31 снежня 2015 года, паведамляе «Радыё Свабода».

Яшчэ больш бянтэжыць прадпрымальнікаў папярэджанне, што не дапускаецца захоўванне рэшткаў нерэалізаваных тавараў у гандлёвым аб'екце і нават на складзе, які выкарыстоўваецца ў прадпрымальніцкай дзейнасці.

«Толькі павесіцца на вяроўках на гэтых рэштках. А куды іх падзець? Спаліць? Ці сябе з імі падпаліць? Не ведаю. Гэта ж забойства. А што рабіць? На працу не бяруць. Будзем паволі паміраць. Не ведаю, не ведаю. Калі працы няма, то як чалавек можа жыць? Проста паміраць», - з ноткамі адчаю кажа прадпрымальніца Таццяна.

На рынку прадпрымальніца працуе чвэрць стагоддзя. Прадае жаночую вопратку і вязаныя шапачкі. На ейнай памяці было ўжо столькі заканадаўчых «удасканаленняў» працы індывідуальных прадпрымальнікаў, што змагацца з імі ў жанчыны няма ніякіх сіл.

«Калі ж нельга прадаваць, то куды іх падзець? Абліць бензінам і спаліць разам з сабой. Ну а як быць? Выбару няма. За дваццаць пяць гадоў я проста стамілася», - кажа яна.

Прадпрымальніку Аляксандру да пенсіі яшчэ тры гады. Завезены раней тавар - жаночыя сумкі ды іншыя галантарэйныя рэчы - прадаецца слаба. Забарона на продаж рэшткаў тавару змушае Аляксандра згортваць свой дробны бізнэс.

«Забяру гэтыя рэшткі, завязу дадому, раздам сваякам. А тое, што моцна пакрылася пылам за той час, калі ў людзей не хапала грошай, а яно тут вісела, утылізуюць. Будзем сядзець жабракамі. У нас, гавораць праз тэлевізар, усё надзвычай добра, а на самай справе - вельмі ўсё дрэнна. Хай задумаюцца ўлады аб тым, што ёсць людзі, якім да пенсіі два-тры гады і якіх на працу нікуды не бяруць. Іх улады перш за ўсё і ставяць у тупіковае становішча», - кажа ён.

Суразмоўца падлічвае, што за свой уклад у фонд сацыяльнай абароны, арэндную плату ды іншыя зборы ён утрымлівае як мінімум аднаго пенсіянера і забяспечвае заробкам спецыялістаў рынку. Але пры цяперашнім стаўленні дзяржавы да прадпрымальнікаў гэтая падтрымка ўсё слабее.

«Падатак, якога ўлады чакаюць ад мяне, - я яго збіраю з цяжкасцю. І тое ўжо не на поўны месяц, а толькі на палову - больш не выцягваю. Завялі ў такі тупік, што нам ужо і без хітрага ўказа «хана». Людзі ў галечы. Буду сядзець на пенсію жонкі. Заплацім за камуналку - і будзем хадзіць збіраць крошкі хлеба», - сцвярджае Аляксандр.

Прадпрымальніца Кацярына, якая мае дваіх дзяцей-школьнікаў, распавяла, што, трапіўшы ў ціскі дзяржавы з яго патрабаваннямі сертыфікацыі тавараў, таварна-транспартных дакументаў, шмат хто з прадпрымальнікаў і самі будуць вымушаныя кідаць дробны бізнэс. Разлік просты: уладкавацца на працу ў арганізацыю або на якое-небудзь прадпрыемства і без нервовасці атрымліваць тры мільёны і чакаць пенсіі. Але сітуацыя на рынку працы апошнім часам абвастрылася.

«Сітуацыя рэзка змянілася: не пойдзеш і не знойдзеш працу. Па вялікім рахунку, трэба было б спыніць гэтыя наезды на прадпрымальнікаў, адрэгуляваць у краіне беспрацоўе. Не выжываць нас з нашых месцаў, каб мы маглі яшчэ папрацаваць. Мы ж людзі, у нас таксама дзеці - яны ходзяць у школу, у дзіцячы сад. І вось так рэзка нас «выразаць» - нядобра і непрыгожа. За наш кошт іншыя людзі жывуць. А не будзе паслаблення - пойдзем на вуліцу Карповіча, як многія старэнькія бабулі з валізкамі і вузламі, павесім на руку свой тавар і будзем па адзінцы прадаваць, не плацячы ні падаткаў, ні арэнды - нічога», - кажа яна.

Адна з прадпрымальніц, якая прадставілася Нінай, паказвае і без таго амаль пустыя гандлёвыя шэрагі на паўднёвай частцы рынку і здзіўляцца пастанове ўладаў.

«Толькі да першага студзеня мы працуем, бо потым трэба прад'яўляць пакет дакументаў. А дзе ўзяць сертыфікаты якасці і розныя накладныя? - пытаецца яна. - Усе добра ведаюць, што калі яны і ёсць у каго, то гэта «ліпа». Можаце зняць усё і змясціць сёння ў навінах - пустыя рынкі. Вось шэраг амаль запар пусты. Трэба хоць трохі падумаць: выжыць такую колькасць людзей? Цяпер вытворчасці зачыняюцца. Бачыце і самі, які заробак у людзей і якое ўсё ў краіне».

Нагадаем, што многія ІП збіраюцца масава спыніць гандаль з 1 студзеня 2016 года. З гэтай даты, згодна з указам Лукашэнкі, прадпрымальнікі не змогуць прадаваць тавары лёгкай прамысловасці, увезеныя з краін Мытнага саюза, без сертыфікатаў. Да 1 студзеня 2016 года ім дадзенае права рэалізаваць рэшткі тавараў, увезеных да 1 ліпеня 2014 года ў Беларусь без суправаджальных дакументаў, паводле зарэгістраваных у падатковых органах вопісах рэшткаў.

500 прадпрымальнікаў рынку ў Полацку апоўдні 16 кастрычніка пачалі страйкаваць у знак пратэсту супраць масавых праверак, якія праводзяць супрацоўнікі падатковай інспекцыі і АБЭЗ. Сустрэча з адміністрацыяй не дала вынікаў. У раённай падатковай інспекцыі прадпрымальнікаў папярэдзілі пра тое, што праверкі працягнуцца.

ІП не выключаюць новых акцый пратэсту.

Апошнія навіны