Віталь Рымашэўскі: Суд за кнігі з фотаздымкамі - вось сапраўдны экстрэмізм
- 27.11.2015, 14:05
Забарона на кнігі Зянона Пазняка - гэта яшчэ адна праява «лібералізацыі па-беларуску».
Сустаршыня аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі пракаментаваў распачынанне ўладамі адміністрацыйнай справы ў дачыненні да сакратара КХП-БНФ Алеся Чахольскага за захоўванне і распаўсюджванне кніг Зянона Пазняка «Добрая фатаграфія» і «Абарона Курапатаў. Народны мемарыял», якія прызнаныя экстрэмісцкімі.
Пра гэта паведамляе сайт аргкамітэта для рэгістрацыі партыі БХД.
На думку Віталя Рымашэўскага, гэта яшчэ адна праява «лібералізацыі па-беларуску».
«Сапраўдны экстрэмізм - гэта судзіць чалавека за кнігі з аўтарскімі фотаздымкамі», - падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.
Нагадаем, у верасні ў сакратара партыі КХП-БНФ Алеся Чахольскага на мяжы з Польшчай берасцейскія мытнікі канфіскавалі кнігі Зянона Пазняка. 26 лістапада Алеся Чахольскага выклікалі ў Фрунзенскі суд Менска, дзе будзе разглядацца ягоная адміністрацыйная справа паводле артыкула аб распаўсюдзе экстрэмісцкай літаратуры.