BE RU EN

Мінгарвыканкам забараніў плакат гурту Trubetskoy

  • 27.11.2015, 12:49

Плакат да прэзентацыі альбома «Magister Bibendi» не прайшоў узгадненне з чыноўнікамі.

На плакаце канцэрту, які павінен быў быць размешчаны на білбордзе ў Менску, гурт зняўся ў грыме. Музыкі адзначаюць, што такім чынам перадаюць дух персанажа, у гонар якога быў названы альбом. «Для нас Магістр Бібендзі ўвасабляе адначасова Дух рок-н-ролу, бога вінаробства Дыяніса і Барона Суботу, які ў нашым выпадку выступае правадніком паміж мінулым і будучым», - так тлумачаць музыканты канцэпт сваёй фотасесіі. Аднак у аддзеле па кантролі за рэкламай Мінгарвыканкама іх плакат палічылі неадпаведным для размяшчэння. Як паведамілі Tuzin.fm у рэкламным агенцтве, якое займалася ўзгадненнем макета, вобраз музыкаў з размаляванымі асобамі не дазволілі, палічыўшы іх занадта жудаснымі.

«Можа яны ўгледзелі ў гэтым праклёны і сатанізм, але гэтых сэнсаў мы не ўкладвалі. Калі з нас хочуць сарваць маскі - то будзе яшчэ страшней», - з іроніяй пракаментаваў такую пастанову чыноўнікаў прадусар гурту Яўген Калмыкоў.

Канцэрт-прэзентацыя альбома «Magister Bibendi» запланаваны ў Менску на 23 студзеня 2016 года. Падрабязнасці - на старонцы падзеі.

Апошнія навіны