BE RU EN

Як беларусы жывуць на заробак у 3 мільёны?

  • 26.11.2015, 15:14

Эканомяць, у тым ліку, на вадзе - мыюць посуд не пад кранам, а ў місцы.

У кастрычніку сярэдні заробак склаў 6,8 млн. Аднак, многія беларусы атрымліваюць у разы менш. Жыхарка Баранавіч распавяла, як жыве за заробак 3 млн.

50-гадовая Галіна працуе рабочай на адным з прамысловых прадпрыемстваў горада. Вось што яна распавяла «Салідарнасці».

- Сярэдні заробак у краіне 6.800.000? Не верыцца. І ў каго ён такі ёсць? У нас на заводзе заробак за два гады паднялі ўсяго на 5%. Я, як і іншыя жанчыны на вытворчасці, атрымліваю на рукі «чыстымі» 2,9-3 млн. У мужчын выходзіць на 1-1,5 млн больш.

500-600 тысяч рублёў ідзе на камунальныя паслугі. Купляю праязны, і застаецца строга на прадукты. Ну, бывае, бялізну купіш - шкарпэткі, трусы памяняеш. Калі трэба абнавіць гардэроб, набываю рэчы з адпускных або бяру ў растэрміноўку.

Прадукты купляю, дзе танней. Крупы і макароны лепш браць у «Еўраопце», сала можна ўзяць у «Кароне», па бытавую хімію іду ў «Востраў чысціні» - там зніжкі сталыя. Бульбу і гародніну прыводжу з лецішча, восенню збіраю грыбы.

Я яшчэ нічога жыву, сышлася з мужчынам, у якога заробак вышэйшы, чым у мяне. А вось гляджу на калег па працы, у якіх ёсць дзеці, - там эканомяць, на чым толькі можна. Ядуць практычна адну бульбу. Эканомяць на электраэнэргіі (выключаюць святло, як толькі выходзяць з пакоя), на вадзе - мыюць посуд не пад кранам, а ў місцы.

Нашы завадскія працаўнікі ў буфеце, дзе можна купляць прадукты дадому (каўбасу, хлеб, цукар), выбіраюць палову заробку наперад. Не ведаю, як потым круцяцца.

Куды езджу адпачываць? Вы што жартуеце? Мой адпачынак на лецішчы ў агародзе. Як і большасць працую над тым, каб было што з'есці зімой.

Ці ведаю, што хакеістам хочуць устанавіць мінімальны заробак 8,5 млн? Ні сном, ні духам! Ды вы жартуеце, напэўна.

Апошнія навіны