Ліванскі пілот заявіў, што чуў папярэджанні Турцыі расейскаму Су-24
- 26.11.2015, 14:08
Пілот распавёў, што турэцкія ВПС неаднаразова папярэджвалі расейскі самалёт пра набліжэнне да паветранай прасторы Турцыі.
Папярэджанні ад турэцкіх вайскова-паветраных сілаў на адрас парушыўшага паветраную прастору краіны расейскага Су-24 у эфіры пачуў пілот ліванскай авіякампаніі Middle East Airlines (MEA).
Ён выконваў рэйс з аэрапорта Бейрута, паведамляе liga.net са спасылкай на тэлеканал Al Arabiya.
Пілот на правах ананімнасці распавёў, што турэцкія ВПС неаднаразова папярэджвалі самалёт пра набліжэнне да паветранай прасторы Турцыі і заклікалі неадкладна змяніць курс. Але ніякага адказу ад парушальніка не было.
Трэба адзначыць, што фрагмент перамоваў пілот зафіксаваў на тэлефон і падаў тэлеканалу. Пры гэтым падкрэслім, што запіс супадае з раней апублікаваным турэцкімі СМІ.
«Я чуў аналагічныя папярэджанні двойчы ці тройчы на тыдзень падчас кожнага палёту за апошні месяц», - дадаў суразмоўца тэлеканала.
Нагадаем, раней у эфіры турэцкага канала Fox апублікавалі запіс, на якім выразна чутныя папярэджанні на адрас пілотаў расейскага Су-24 пра неабходнасць змяніць курс.
«Вы набліжаецеся да турэцкай паветранай прасторы. Зменіце курс неадкладна», - прасіў дыспетчар на ангельскай мове.