BE RU EN

Барак Абама падпісаў закон, які дазваляе пастаўкі зброі Украіне

  • 26.11.2015, 7:49

Прэзідэнт ЗША падпісаў абаронны бюджэт на 2016 год.

Дакумент сярод іншага дазваляе Вашынгтону аказаць Кіеву вайсковую дапамогу на $300 млн, уключаючы пастаўкі смяротнага узбраення. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на заяву Белага дома. У пачатку лістапада законапраект у новай рэдакцыі быў ухвалены сенатам ЗША, нагадвае РБК.

У абноўленым варыянце дакумента агульная сума вайсковых выдаткаў ЗША, запланаваных на 2016 год, паменшылася на $5 млрд - да $607 млрд. У новай версіі дакумента захаваўся і пункт, які дазваляе ўладам ЗША вылучыць $300 млн. на вайсковую дапамогу Украіне.

Паводле тэксту закона, прыняць пастанову аб выдзяленні такой дапамогі Кіеву можа кіраўнік Пентагона ўзгадніўшы з Дзярждэпартаментам. Мяркуецца, што гэтыя сродкі могуць быць выдаткаваныя на дапамогу Кіеву для абароны ад «далейшай агрэсіі», у тым ліку ад «дзеянняў Расеі і прарасейскіх сепаратыстаў, якія парушаюць перамір'е, прапісанае ў пагадненнях ад 4 верасня 2014 года і 11 лютага 2015 года». Гаворка ідзе ў тым ліку аб пастаўках смяротнага ўзбраення, уключаючы супрацьтанкавую зброю і мінамёты.

На першапачатковую версію законапраекта Абама ў кастрычніку наклаў вета. Тады амерыканскі лідар заявіў, што абмеркаванне бюджэту павінна быць працягнутае. «Давайце прымем такі бюджэт, які будзе належным чынам падтрымліваць і нашу нацыянальную бяспеку, і нашу эканамічную бяспеку», - заяўляў ён.

У той жа час Reuters адзначаў, што асноўнай прычынай незадаволенасці Абамы дакументам былі папраўкі, якія не дазваляюць зачыніць турму ў Гуантанама. Датычна паправак у гэтай галіне Абама, каментуючы сваю пастанову ветавання дакумента, падкрэсліваў, што Гуантанама з'яўляецца «адным з галоўных спосабаў вярбоўкі джыхадзістаў», і што прыйшоў час закрыць гэтую турму, якая «ўжо састарэла і занадта дарагая».

І ўсё ж Абама падпісаў дакумент, нягледзячы на тое, што ў ім захавалася палажэнне, якое ўскладняе закрыццё турмы Гуантанама, адзначае агенцтва.

Апошнія навіны