Берасцейская мытня ўважае кнігі Пазняка за экстрэмісцкія
- 25.11.2015, 17:16
Берасцейская мытня накіравала ў суд Маскоўскага раёна Берасця заяву аб прызнанні дзвюх кніг Зянона Пазняка экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Пра гэта паведаміў адказны сакратар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі - БНФ Аляксандр Чахольскі 25 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Менску, паведамляе БелаПАН.
Па два асобнікі кніг «Добрыя фатаграфіі» і «Абарона Курапатаў. Народны мемарыял» былі канфіскаваныя ў Чахольскага 27 верасня ў пункце мытнага афармлення «Брэст Цэнтральны» па вяртанні з Польшчы, дзе яны былі набытыя.
Чахольскі паведаміў, што кнігі былі накіраваныя ў экспэртную камісію Берасцейскай вобласці па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці або адсутнасці ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму. Паводле высноваў камісіі ад 26 кастрычніка, у кнігах прысутнічаюць прыкметы экстрэмізму.
Пасля гэтага, паведаміў Чахольскі, на кнігі быў накладзены арышт, а ў суд накіраваная заява мытні аб прызнанні іх экстрэмісцкімі матэрыяламі. Калі адбудзецца паседжанне суда, палітыку пакуль не вядома.
Кніга «Добрыя фатаграфіі» з'яўляецца зборнікам фатаграфічных эсэ пра фотаздымкі з краін Еўропы і Амерыкі з сярэдзіны XIX стагоддзя і да нашых дзён. Кніга «Абарона Курапатаў. Народны мемарыял» - зборнік артыкулаў, успамінаў, матэрыялаў і фатаграфій, прысвечаных тэме абароны Курапатаў (урочышча - месца масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій).