BE RU EN

Міністэрства абароны Беларусі аб расейскай авіябазе: Без каментароў

  • 25.11.2015, 14:42

Мінабароны Беларусі адмаўляецца мець стасункі з прэсай на тэму размяшчэння ў Бабруйску расейскае вайсковай авіябазы.

24 лістапада начальніка аператыўнай управы галоўнага камандавання Паветрана-касмічных сіл Расеі Аляксандр Ляпкін заявіў аб тым, што дакумент аб размяшчэнні расейскай авіябазы ў Бабруйску ўзгоднены з Менскам.

«Мы не каментуем ніякія заявы. Пазіцыя выкладзеная Лукашэнкам, і іншых заяў вайсковая ўстанова не ўпаўнаважаная рабіць», - адзначыў прэс-сакратар Мінабароны Беларусі Уладзімір Макараў.

На ўдакладняльнае пытанне, ці засталася пазіцыя Беларусі нязменнай, ён сказаў, што ніякіх каментароў не будзе, паведамляе tut.by.

Нагадаем, у канцы верасня Уладзімір Пуцін даручыў падпісаць пагадненне аб стварэнні авіябазы ў Беларусі. У адказ на гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў, што нічога пра гэта нібыта не ведае, а такое пытанне не абмяркоўвалася.

Пазней Лукашэнка назваў абмеркаванне гэтай тэмы ў СМІ «шуміхай», якая носіць «чыста палітычны характар». Апошні раз такую заяву Лукашэнка зрабіў 30 кастрычніка, адзначыўшы, што пры размяшчэнні расейскай ваеннай базы Масква і Менск будуць мець больш мінусаў, чым плюсаў.

22 кастрычніка супраць размяшчэння расейскай авіябазы выступіў кіраўнік Мінабароны Беларусі Андрэй Раўкоў, заявіўшы, што ў гэтым няма сэнсу, а лепш размясціць ракетныя расейскія комплексы супраць вайсковых баз NATO, а 27 кастрычніка з такой заявай выступіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

Аднак 24 лістапад расейскі генерал Аляксандр Ляпкін заявіў, што на аэрадроме ў Бабруйску плануецца змяшчаць адну авіяцыйную эскадрыллю з 12 знішчальнікаў і 4 транспартна-баявыя гелікоптэры «Мі-8». Паводле ягоных слоў, склад расейскай авіябазы і яе арганізацыйна-штатная структура ўжо зацверджаныя.

«Хачу звярнуцца да беларускіх калег з просьбай паскорыць правядзенне ўсіх патрэбных працэдур для падрыхтоўкі названага пагаднення да падпісання», - заявіў Ляпкін, удакладніўшы, што дакумент узгоднены з беларускім бокам.

Заява Ляпкіна прагучала напярэдадні сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным, дзе планавалася абмеркаваць гэтае пытанне. Аднак візіт у Маскву быў скасаваны ў сувязі з «надзвычайнай загружанасцю».

Апошнія навіны