BE RU EN

Украіна цалкам закрыла сваю паветраную прастору для авіяцыі Расеі

  • 25.11.2015, 14:18

Забарона тычыцца перамяшчэння як вайсковых, так і цывільных самалётаў РФ.

Кабінет міністраў Украіны прыняў пастанову аб забароне выкарыстання ўкраінскай паветранай прасторы расейскай авіяцыяй. Аб гэтым сёння на пасяджэнні Кабінета міністраў заявіў прэм'ер-міністр Арсеній Яцэнюк, паведамляе liga.net.

«Урад Украіны прымае пастанову аб увядзенні забароны на ўсе транзітныя пралёты для ўсіх расейскіх авіякампаній праз авіяцыйную прастору Украіны», - сказаў ён.

Урад даў даручэнне Украэраруху і Мінінфраструктуры ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага заканадаўства паведаміць Расейскай Федэрацыі аб тым, што расейскія авіякампаніі больш не маюць права выкарыстоўваць украінскую паветраную прастору.

Яцэнюк дадаў, што гэтая забарона тычыцца перамяшчэння як вайсковых, так і цывільных паветраных суднаў РФ. «Цяпер гэтая забарона тычыцца ўсёй цывільнай авіяцыі Расейскай Федэрацыі і ўсіх авіякампаній РФ», - сказаў ён.

«У тым ліку пастанова аб такой забароне прымаецца з прычыны істотнага абвастрэння вайсковай і замежнапалітычнай сітуацыі. Расея можа выкарыстаць украінскую авіяпрастору для ўчынення правакацый. Таму гэта пытанне як нацыянальнай бяспекі краіны, так і адказ Расейскай Федэрацыі на яе агрэсіўныя дзеянні».

Нагадаем, што раней, 16 верасня, Украіна ўвяла санкцыі ў дачыненні да расейскіх авіякампаній, якія прадугледжваюць «абмежаванне, частковае або поўнае спыненне транзіту рэсурсаў, палётаў і перавозак праз тэрыторыю Украіны».

Прэм'ер-міністр Украіны Арсеній Яцэнюк патлумачыў, што Украіна забараніла авіякампаніям «Аэрафлот» і «Трансаэро» палёты ў краіну, а таксама ўсе транзітныя палёты над тэрыторыяй Украіны.

Апошнія навіны