BE RU EN

МУС адказала блогеру аб «Пагоні» наборам літар без сэнсу

  • 25.11.2015, 8:04

Грамадскі актывіст і блогер Антон Матолька ў звароце да МУС прасіў растлумачыць міліцыянтам, што нацыянальная сімволіка не забароненая.

Таксама ён прасіў кіраўніцтва МУС распавесці ўсім сваім супрацоўнікам гісторыю нацыянальнай сімволікі Беларусі ды давесці, што «нашэнне, публікацыя і выкарыстанне нацыянальнай сімволікі законамі не забароненыя». Адпаведна, што за гэта людзей міліцыянты не павінны караць або пераследаваць, паведамляе «Еўрарадыё».

У адказе з МУС Антону Матольку паведамілі, што сярод супрацоўнікаў усіх структур МУС праводзіцца «інфармацыйна-прапагандысцкая праца, забяспечваецца кантроль выканання патрабаванняў у выкарыстанні дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь».

«Я атрымаў набор літар без сэнсу - фактычна я ніякага адказу не атрымаў. І цяпер юрыст будзе вывучаць гэты адказ і вызначаць, куды і як мы будзем яго абскарджваць, куды накіроўваць - у Адміністрацыю або ў Саўмін. Скардзіцца, што атрымалі адказ без сэнсу, - распавёў Антон Матолька.

Блогер прызнае, што справа не столькі ў бессэнсоўным адказе з МУС, а ў самой праблеме - немагчымасці спакойна выкарыстоўваць нацыянальныя сімвалы.

«Пакуль праблема актуальная, я яе гатовы падымаць хоць кожны дзень - няхай толькі дадуць падставу. Як толькі міліцыянты сваімі дзеяннямі пацвердзяць, што мы можам спакойна прыходзіць на футбольныя матчы і выкарыстоўваць усякую сімволіку, на канцэртах без праблем падымаць бел-чырвона-белы сцяг, тады гэтая праблема будзе развязаная. Пакуль такой магчымасці няма, я буду пісаць і патрабаваць - мне нескладана», - дадае блогер.

Пасля пакарання футбольных заўзятараў за «Пагоню» на шаліках і скандалу з навучэнцамі кадэцкага вучылішча, якія выклалі ў сацсетках свае фота ў цішотках са старажытным беларускім гербам, блогер Антон Матолька звярнуўся з петыцыямі ў МУС, Мінкультуры, Мінадукацыі, Мінгандлю і ў адміністрацыю Лукашэнкі.

Ён прасіў перагледзець стаўленне ў МУС да заўзятараў, у Мінадукацыі - да гісторыі Беларусі, каб больш распавядалі вучням пра нацыянальную сімволіку і геральдыку, у Мінгандлю - каб не было негалоснай забароны на продаж рэчаў з нацыянальнай сімволікай, «Пагоняй» і бел-чырвона-белым сцягам, у Мінкультуры - каб надалі сцягу статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Адказы з усіх устаноў, куды быў накіраваны зварот, больш нагадваюць адпіскі, мяркуе Матолька.

Апошнія навіны