BE RU EN

Навагодні падарунак для беларусаў: улады прыдумалі новы падатак

  • 24.11.2015, 8:53

Электраэнэргія і газ могуць падаражэць з новага года на 20 адсоткаў.

Гэта адбудзецца за кошт таго, што на гэтыя паслугі для насельніцтва плануецца пачаць налічваць падатак на даданую вартасць. І гэта ўвядзенне не выключае іншых надбавак да камуналкі, паведамляе тэлеканал «Белсат».

Указам Аляксандра Лукашэнкі №550 ад 2013 жыллёва-камунальныя паслугі ў Беларусі ў год могуць павялічвацца, у эквіваленце, не больш чым на 5 даляраў для сям'і з трох чалавек у двухпакаёвай кватэры. Акрамя таго, кожны квартал аплата індэксуецца яшчэ да росту сярэдняга па краіне заробку. Беларусы ж даволі скептычна ставяцца да новага падатку.

«Гэта моцна ўдарыць па пенсіянерам» - кажа мінак.

«Гэта мяне засмучае, бо ў мяне маленькая пенсія і маленькі заробак. Мне будзе складана выжываць» - дадае жанчына.

Аляксандр Лукашэнка ў падаражанні паслуг ЖКГ указвае на міжнародных крэдытораў. Сапраўды, МВФ рэкамендуе скасаваць так званае перакрыжаванае субсідаванне. Калі дзяржава прадае электраэнэргію насельніцтву танней, а прадпрыемствам - даражэй. З-за гэтага выдаткі айчынных заводаў на энэргетыку атрымліваюцца ў разы большыя, чым у іх замежных канкурэнтаў.

«Мы атрымліваем такі слоены пірог. Таму што сярод арганізацый ёсць такія, якія таксама атрымліваюць льготы. Тыя, хто вырошчвае агародніну для гарадоў у цяпліцах, заводы па вытворчасці ўгнаенняў...» - кажа эканаміст Міхал Залескі.

У жыроўках, якія мы атрымліваем штомесяц, сказана, што мы аплачваем толькі чвэрць ад сабекошту камунальных паслуг, а астатняе нам субсідуе дзяржава. Праўда, нават Аляксандр Лукашэнка два гады таму выказваў меркаванне, што лічбы ў жыроўках - завышаныя, а на самай справе, улічваючы танныя энэргарэсурсы, якія Беларусь атрымлівае з Расеі, людзі ўжо аплачваюць паслугі ЖКГ, амаль па сабекошце.

«Кажуць, што 60% трэба спажывання... а сёння гэтага няма. А я скажу, што 70% ёсць. Таму што я не ведаю тарыфаў ЖКГ і мне здаецца, што там павялічаны сабекошт» - кажа кіраўнік.

Цяпер беларусы плацяць па 5 еўрацэнтаў за кілават электраэнэргіі ў гадзіну. У Літве ж, якая купляе расейскія энэргарэсурсы ў разы даражэй, чым Менск, электрычнасць, без усялякіх субсідый, каштуе 12 еўрацэнтаў - удвая менш, чым сабекошт, які змешчаны ў беларускіх жыроўках.

Спецыялісты тлумачаць - у сабекошт сваіх паслуг беларускія суб'екты ЖКГ уключаюць усе мэтавыя і нямэтавае выдаткі, у тым ліку, як гэта было ў Бабруйску - калі водаканал набыў прагулачны цеплаход.

Камітэт дзяржаўнага кантролю перыядычна выяўляе нямэтавае выдаткі, заводзяцца крымінальныя справы. Але ліквідаваць дзяржаўную манаполію на аказанне камунальных паслуг улады адмаўляюцца.

Апошнія навіны