BE RU EN

Васіль Парфянкоў атрымаў украінскае грамадзянства

  • 10.11.2015, 12:30

Былы беларускі палітвязень, які ваюе на Данбасе, атрымаў украінскае грамадзянства.

Пра гэта ў «Фэйсбуку» напісаў камандзір аднаго добраахвотніцкага батальёна Мікалай Каханоўскі, паведамляе charter97.org.

«Сябры, з радасцю павінен канстатаваць: справа выдавання грамадзянства добраахвотнікам зрушылася з месца. Атрымаў грамадзянства сябар Сябро.

Уласна, Васіль Парфянкоў «Сябро» - фігура даволі вядомая ў Беларусі як заўзяты змагар з рэжымам Лукашэнкі. Ва Украіне вызначыўся таксама як смелы і дысцыплінаваны воін. Добра ваяваў у Пясках, два месяцы таму быў паранены, цяпер на рэабілітацыі.

Схема атрымання грамадзянства Сябро наступная. Ён падаў дакументы ў міграцыйную службу, затым яго выклікалі ў СБУ і спыталі, чаму ён не можа вярнуцца ў Беларусь. Сябро распавёў, што на яго ў Беларусі заведзена дзве справы: першая - за нацыянальную дзейнасць у Беларусі, другая - за найміцтва за яе межамі, а менавіта ва Украіне. СБУ накіравала запыт у беларускі КДБ, словы Сябро пацвердзіліся. І вось нядаўна наш сабрат атрымаў пашпарт грамадзяніна Украіны!

Выснова: цяпер, Дзякуй Богу, вымалявалася хоць нейкая схема, як добраахвотнікі-замежнікі могуць атрымаць грамадзянства Украіны.

Разам пераможам! Слава Украіне! Жыве Беларусь!» - напісаў Каханоўскі.

Адзначым, ва Украіне ваюе шмат беларусаў, сярод іх былыя палітвязні Васіль Парфянкоў і Эдуард Лобаў. А таксама, у батальёне «Правага сектара» ваюе некалькі дзесяткаў грамадзян Беларусі, якія нядаўна сфармавалі там «тактычную групу Беларусь».

5 снежня 2014 г. грамадскі актывіст Васіль Парфянкоў выйшаў з горацкай турмы. Амаль адразу пасля гэтага хлопец разам з сям'ёй - жонкай і сынам - з'ехаў ва Украіну. Як высветлілася, Васіль запісаўся ў добраахвотніцкі батальён і цяпер ваюе на Данбасе супраць расейскіх баявікоў.

Васіль Парфянкоў з'яўляецца лаўрэатам Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча ў намінацыі «За асабістую мужнасць», якую ў 2015 годзе ўручыў яму сайт charter97.org.

Апошнія навіны