BE RU EN

Вугоршчына можа закрыць мяжу з Харватыяй праз уцекачоў

  • 8.10.2015, 18:51

Вугоршчына праз тыдзень павінна вызначыць, ці закрываць мяжу з Харватыяй.

Пра гэта заявіў кіраўнік офіса вугорскага прэм'ера Янаш Лазар, паведамляе "Еўрапейская праўда" са спасылкай на Reuters.

Паводле ягоных слоў, цяпер будаўніцтва паркану на мяжы з Харватыяй закончанае "на 99%".

Лазар адзначыў, што Вугоршчына не абыякавае да меркавання Аўстрыі ды Нямеччыны, куды накіроўваюцца большасць мігрантаў, аднак іх меркаванне не павінна блакаваць закрыццё мяжы, калі Вугоршчына наважыцца на такую пастанову.

"Асабіста я думаю, што гэта (закрыццё мяжы - рэд.) з'яўляецца няўхільным", - сказаў Лазар.

Пры гэтым закрыццё вугорска-харвацкай мяжы можа прычыніцца да чарговага звужэння маршруту мігрантаў, іх плынь можа быць накіраваная ў Славенію або Румынію.

"Калі будзе трэба, ва ўрада ёсць план будаўніцтва агароджы на мяжы з Румыніяй", - нагадаў прадстаўнік вугорскага ўрада.

Раней Вугоршчына пабудавала паркан на мяжы з Сербіяй, выклікаўшы такім чынам крытыку з боку міжнародных партнёраў. Праз гэты мур плынь мігрантаў з Сербіі значна знізілася. Аднак гэта прычынілася да павелічэння колькасці мігрантаў, якія пачалі прыбываць у Харватыю.

Апошнія навіны