BE RU EN

«Справу графіцістаў» падоўжылі да канца лістапада

  • 7.10.2015, 16:42

Падазраванаму паводле «справы графіцістаў» Яраславу Ульяненкаву на днях прыйшло паведамленне са Следчага камітэта аб падаўжэнні тэрміну папярэдняга следства.

У паперы за подпісам следчага па АУС следчай управы УСК Менску Пятручэні Ю. пазначана:

«Паведамляем вам, што тэрмін папярэдняга следства паводле крымінальнай справы №15121081900, паводле прыкмет злачынства, прадугледжанага ч.2 арт.339 КК Рэспублікі Беларусь, падоўжаны да 4-х месяцаў, гэта значыць, да 2015/11/30».

Юрыстка праваабарончага цэнтра «Вясна» Наста Лойка мяркуе, што следства само сябе загнала ў тупік:

«Следчы камітэт адмовіўся перакваліфікаваць справу на больш мяккі артыкул, а спыніць яе не могуць праз тое, што накіравалі некалькі рэчаў на экспэртызы, якія могуць цягнуцца вельмі доўга. Аб'ектыўна з юрыдычнага пункту гледжання ім трэба дачакацца вынікаў гэтых экспэртыз. Дзіўна, аднак, што не вядуцца пры гэтым іншыя следчыя дзеянні, хоць у паказаннях фігурантаў засталіся супярэчнасці.

Такая падвешаная сітуацыя зручная і для ўладаў - у кожны момант можна іх зноў узяць пад варту, таму гэта залежыць ад вынікаў «выбараў» прэзідэнта і іх наступстваў».

Такія ж паперы прыйшлі і іншым фігурантам паводле справы: Максіму Пякарскаму, Вадзіму Жэромскаму і Вячаславу Касінераву.

Нагадаем, 11 жніўня пяцёра хлопцаў былі затрыманыя паводле падазрэння ва ўдзеле ў трох крымінальных справах: нанясення беларускамоўных графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе...», а таксама замазванне фарбай сацыяльнага бігборду з выявай супрацоўнікаў міліцыі.

Апошнія навіны