BE RU EN

Духоўныя дзеячы Саудаўскай Арабіі заклікалі да джыхаду супраць РФ

  • 5.10.2015, 21:10

53 духоўныя дзеячы Саудаўскай Арабіі падпісалі онлайн-заклік аб падтрымцы джыхаду супраць Расеі, Ірана ды ўладаў Сірыі.

Падпісанты параўналі бамбаванне Расеяй сірыйскіх гарадоў з вайной СССР у Афганістане. Аб гэтым піша Reuters і ўдакладняе, што дзеячы не звязаныя з уладамі Саудаўскай Арабіі, інфармуе ЛІГА.net.

"Святыя ваяры Сірыі абараняюць усіх мусульман... Верце ім і дапамагайце ім", - кажа заклік.

Афіцыйнае духавенства Саудаўскай Арабіі называе вайну паўстанцаў супраць Асада джыхадам, але забараняе ехаць у Сірыю для ўдзелу ў баях ці надаваць паўстанцам фінансавую дапамогу праз усе каналы, акрамя дзяржаўных.

Духоўныя лідары, у ліку якіх і вядомыя апазіцыянеры, якія падпісалі зварот, не заклікаюць у ім саудытаў далучыцца да джыхаду, але і не выказваюць забароны на паездкі ў Сірыю з гэтай мэтай.

Нагадаем, Саудаўская Арабія ды іншыя краіны Персідскай затокі падтрымліваюць супраціўнікаў сірыйскага прэзідэнта Башара Асада. Разам з тым саудаўская авіяцыя ўдзельнічае ў барацьбе з Ісламскай дзяржавай (ІД). Усім, хто падтрымлівае ІД, паводле саудаўскіх законаў пагражае працяглы турэмны тэрмін.

Да гэтага Reuters паведаміў, што амаль 40 сірыйскіх паўстанцкіх груп, у тым ліку тых, якія дзейнічаюць пад эгідай Свабоднай арміі Сірыі, а таксама арганізацыя Ахрар аш-Шам заклікаюць краіны рэгіёну да супольнай барацьбе супраць расейска-іранскай акупацыі Сірыі.

Апошнія навіны