BE RU EN

Рада NATO заклікала Расею неадкладна спыніць удары па апазіцыі ў Сірыі

  • 5.10.2015, 19:50

У NATO заявілі, што дзеянні Расеі ў рэгіёне дасягнулі надзвычай небяспечнага ўзроўню.

Кіраўніцтва NATO асудзіла ўварванне расейскага самалёта ў паветраную прастору Турцыі і запатрабавала ад Масквы спыніць ўдары, у выніку якіх ахвярамі сталі апазіцыйныя Башару Асаду сілы і цывільнае насельніцтва Сірыі, паведамляе расейская служба BBC.

Гэтыя заявы кіраўніцтвам альянсу былі зробленыя паводле вынікаў праведзенага ў Брусэлі экстранага паседжання аб сітуацыі ў Сірыі.

Раней у панядзелак Турцыя запатрабавала ў расейскага пасла растлумачыць, якім чынам у паветраную прастору краіны трапіў расейскі вайсковы самалёт.

Паводле заявы турэцкага міністэрства замежных спраў, расейскі самалёт уварваўся ў паветраную прастору Турцыі ў мінулую суботу. На перахоп былі накіраваныя два знішчальнікі F-16 ВПС Турцыі.

Расейская авіяцыя пачала наносіць ўдары па аб'ектах у Сірыі 30 верасня. Аперацыю санкцыянаваў Савет Федэрацыі ў адказ на запыт аб вайсковай дапамозе, які паступіў ад Башара Асада.

Неўзабаве пасля пачатку бамбаванняў праваабарончыя арганізацыі заявілі, што ўдары наносяцца па раёнах, у якіх наогул няма баевікоў, а ахвярамі налётаў становяцца цывільныя жыхары. Расейскія ўлады гэтыя папрокі адпрэчваюць.

Апошнія навіны