BE RU EN

Вольга Барабаншчыкава прэзентуе на Belarus Fashion Week новую калекцыю

  • 14.10.2015, 17:52

23 кастрычніка на подыуме Belarus Fashion Week Вольга Барабаншчыкава прадэманструе сваю новую калекцыю Candy Lady пад назвай Reborn.

«Гэтай восенню Candy Lady спаўняецца год. З моманту паказу першай калекцыі spring-summer 2015 многае змянілася, - тлумачыць яна. - Асабіста я больш не асцярожнічаю, не баюся быць сабой і выяўляцца ў модзе так, як хочацца, а не так, як чакаюць іншыя. Гэта першая калекцыя, якую я раблю без кансультацый і падказак з боку. Проста я нарэшце адчуваю сябе ўпэўнена і спакойна».

Назва калекцыі Reborn (перараджэнне) дакладна апісвае тое, што адбываецца цяпер з Candy Lady - кампанія перажыла рэбрэндынг, піша БелаПАН.

З моманту паказу папярэдняй калекцыі шоўрум Candy Lady працуе не толькі ў класічным фармаце, але яшчэ і з'яўляецца паўнавартасным атэлье. Тут цяпер можна купіць мадэлі прадстаўленых калекцый і таксама ўвасобіць у жыццё ўласныя фантазіі, стварыўшы з дапамогай каманды брэнда эксклюзіўныя вобразы. І найбольшай папулярнасцю ў абодвух кірунках работы карыстаюцца сукенкі. Менавіта таму ў новай калекцыі Reborn ім нададзеная асаблівая ўвага.

«Я закаханая ў жаноцкія вобразы і менавіта такімі будуць нашы сукенкі - лёгкімі і паветранымі, як узмах крыла матыля», - тлумачыць Вольга Барабаншчыкава.

23 кастрычніка на подыуме Belarus Fashion Week гледачы ўбачаць 30 вобразаў, натхнёных, са словаў Вольгі, «кожным пражытым днём і яшчэ морам, сонцам і атмасферай Італіі», дзе яна праводзіла шмат часу гэтым летам.

Матэрыялы калекцыі - выключна італійскія: шоўк, арганза, сацін, бавоўна, скура. Колеравая гама - пераважна цёплая: блакітная, сіняя, жоўтая, трохі яркай фуксіі і прынцыповая адсутнасць чорнага.

Апошнія навіны