BE RU EN

ЕЗ: Канчатковая пастанова наконт санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі пакуль не прынятая

  • 12.10.2015, 19:20

Пастанова пра будучыню абмежавальных захадаў у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі павінна быць прынятая да канца кастрычніка.

Пра гэта паведаміла БелаПАН прэс-сакратар Еўрапейскай службы замежных дзеянняў Мая Качыянчыч.

На пытанне, ці сапраўды ёсць пастанова аб прыпыненні санкцый, Качыянчыч адказала: «Не. Пастанова пра будучыню абмежавальных захадаў у дачыненні да Беларусі павінна быць прынятая да канца кастрычніка».

Яна адзначыла, што беларуская тэма не абмяркоўвалася на пасяджэнні Рады міністраў замежных спраў краін ЕЗ 12 кастрычніка, аднак вярхоўная прадстаўніца ЕЗ у замежнай палітыцы і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні згадала пра «прэзідэнцкія выбары», якія прайшлі ў Беларусі, выступаючы перад міністрамі напачатку пасяджэння.

У той жа час расейскае агенцтва ТАСС са спасылкай на дзяржсакратара Францыі ў еўрапейскіх справах Арлема Дэзіра паведаміла, што на пасяджэнні 12 кастрычніка ў Люксембургу Рада ЕЗ у замежных справах прыняла пастанову прыпыніць на чатыры месяцы дзеянне санкцый у дачыненні да Беларусі. Агенцтва Associated Press

падае выказванне Дэзіра, які заявіў, што міністры дамовіліся аб прыпыненні санкцый і гэтая пастанова будзе аформленая цягам некалькіх тыдняў. Ён падкрэсліў, што ў выпадку патрэбы санкцыі будуць неадкладна адноўленыя.

Апошнія навіны