BE RU EN

Сёння ў Менску адбудзецца «Шэсце нацыянальнага сцяга»

  • 10.10.2015, 9:32

Акцыя пачнецца на плошчы Свабоды а 17:00.

Напярэдадні «выбараў» вуліцамі сталіцы Беларусі пройдзе «Шэсце нацыянальнага сцяга». Лідары апазіцыі заклікалі прыходзіць на акцыю з бел-чырвона-белай сімволікай, стужкамі, крэатыўнымі плакатамі і ў вышыванках. Адзін з арганізатараў дэманстрацыі - былы палітвязень і кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч - упэўнены, што яе ўдзельнікаў не будуць затрымліваць. Пра гэта ён паведаміў у каментары тэлеканалу «Белсат».

«Не бойцеся! За ўсе тры акцыі, за якія я адказваю, ні адзін удзельнік, які прыйшоў на мітынг і не браў слова, не быў ні затрыманы, ні арыштаваны, - сказаў Мікалай Статкевіч. - Яны будуць сябе стрымліваць, таму што Аляксандру Лукашэнку трэба прызнанне гэтых «выбараў». Зразумела, што яны былі сфальсіфікаваныя яшчэ да іх пачатку, але ў нас ёсць магчымасць пашырыць прастору свабоды, знізіць узровень страху ў грамадстве».

Раней лідары апазіцыі распаўсюдзілі спецыяльны зварот з нагоды запланаванага на 10 кастрычніка сходу. Яны заклікалі прыходзіць на акцыю з нацыянальнымі сцягамі і стужкамі, крэатыўнымі плакатамі і ў вышыванках.

«Вашай агульнай воляй, рашучасцю, з якой збіраліся вы не з ласкі ўладаў, а па праве, дадзеным Канстытуцый, на мітынгі і сходы на плошчы Свабоды, вы вярнулі свабодзе яе прастору! Гэта прастора свабоды мы ўсе разам павінны захаваць і пашырыць для нашай далейшай барацьбы за незалежную, дэмакратычную, мірную Беларусь!» - гаворыцца ў тэксце.

Апошнія навіны