BE RU EN

Google запускае беларускую версію YouTube

  • 1.10.2015, 15:07

Кампанія Google абвясціла аб запуску YouTube Беларусь - лакалізаванай версіі папулярнай відэаплатформы.

Яна дазволіць беларускім карыстальнікам інтэрнэту мець стасункі, ствараць відэа і дзяліцца ім на дамене youtube.by, піша «Штодзённік».

Лакальная версія YouTube прадэманструе самыя папулярныя беларускія відэаролікі і адкрые новыя магчымасці для таленавітых стваральнікаў відэакантэнту, блогераў, тэлекампаній, рэкламадаўцаў і брэндаў з Беларусі, гаворыцца ў распаўсюджаным прэс-рэлізе.

Паводле звестак даследчай кампаніі TNS, ахоп YouTube у Беларусі складае 64% інтэрнэт-карыстальнікаў, старэйшых за 18 гадоў. Кожны трэці глядзіць онлайн-відэа гэтак жа часта, як і ТВ, а 27% - заходзяць на платформу штодня. Беларускі карыстальнік YouTube аддае перавагу такім катэгорыям кантэнту, як музыка, камедыйныя шоў, дзіцячы кантэнт, аматарскае відэа, навучальныя відэа-інструкцыі, а асноўнымі матывамі для прагляду з'яўляюцца магчымасць даведацца нешта новае, знайсці інфармацыю і прыемна правесці вольны час.

«Афіцыйны запуск YouTube ў Беларусі дазволіць беларускім стваральнікам відэакантэнту больш эфектыўна прасоўваць свае ролікі не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце. Тым самым, кампанія Google будзе спрыяць развіццю блогасферы Беларусі і выступіць кансультантам для беларускіх відэаблогераў, аўдыторыя якіх стала расце. Ужо сёння, паводле нашых звестак, 49% карыстальнікаў байнэту фармуюць меркаванне і прымаюць пастановы аб куплі чаго-небудзь пасля прагляду відэа на YouTube. Таксама для больш прадуктыўнага супрацоўніцтва блогераў і бізнэсу мы запускаем у Беларусі Партнёрскую праграму YouTube», - пракаментавала запуск лакальнай версіі YouTube Наталля Карабко, мэнэджар Google ў развіцці бізэсу ў Беларусі.

Апошнія навіны