BE RU EN

У менчука сканфіскавалі віскі і каньяк на $76 тысяч

  • 9.01.2015, 19:06

Прыкрым чынам скончыўся наладжаны бізнэс жыхара Менска.

Падатковая інспекцыя разам з АБЭЗ правяла пазапланавую праверку, і вось яе вынік: у грамадзяніна К. заарыштавалі амаль 2200 літраў віскі, гарэлкі, каньяку, рому і лікёру на 915,6 мільёна рублёў. Яшчэ 96 млн ён незаконна зарабіў на алкагольным промысле летась. Мужчына купляў трункі ў Duty Free, а потым прадаваў з рук знаёмым у Менску, піша onliner.by.

«Грамадзянін К. рэалізоўваў алкагольныя напоі без дзяржаўнай рэгістрацыі. Адказнасць за гэтае парушэнне прадугледжаная ч.1-1 арт.12.7 КаАП Рэспублікі Беларусь. Мужчына растлумачыў, што набываў трункі ў крамах бязмытнага гандлю, а затым прадаваў знаёмым танней, чым у крамах горада. Алкагольныя напоі імпартнага вырабу захоўваў у гаражы свайго сваяка», - удакладнілі падаткавікі.

Частка 1-1 артыкула 12.7 КаАП прадугледжвае накладанне штрафу ў суме да ста базавых адзінак з канфіскацыяй прадметаў адміністрацыйнага правапарушэння, прылад і сродкаў учынення адміністрацыйнага правапарушэння незалежна ад таго, у чыёй уласнасці яны знаходзяцца, а таксама даходу, атрыманага ў выніку такой дзейнасці, або без канфіскацыі. Гэта азначае, што парушальніку пагражае штраф да 18 мільёнаў рублёў (базавая адзінкая ў Беларусі з 1 студзеня павялічылася да 180 000).

Апошнія навіны