BE RU EN

Польшча выступае за павелічэнне колькасці вучэнняў NATO праз агрэсію РФ

  • 9.01.2015, 11:15

Польшча разлічвае на павелічэнне колькасці вучэнняў NATO у рэгіёне Балтыйскага мора ў сувязі з падвышанай вайсковай актыўнасцю Расеі ў гэтым рэгіёне.

«Тое, што адбывалася ў снежні, было беспрэцэдэнтным. Ясна, што мы хочам большай увагі да Балтыйскага мора», - заявіў міністр абароны Польшчы Томаш Семоняк, дадаўшы, што мерай процідзеяння можа стаць павелічэнне колькасці вучэнняў NATO у рэгіёне, паведамляе TVN24.

Акрамя гэтага, на думку міністра, ЕЗ і NATO павінны быць гатовыя да шматгадовых напружаных стасункаў з Расеяй, паколькі на гэты момант няма ніякіх прыкмет дээскалацыі канфлікту, піша zn.ua.

«Занадта рана казаць аб зняцці санкцый з Расеі», - адзначыў Семоняк. Міністр перакананы, што санкцыі з'яўляюцца вельмі эфектыўным сродкам ціску на РФ.

Міністр абароны таксама закрануў пытанне продажу Расеі французскіх «Містраляў», выказаўшы надзею, што гэтая праблема з'яўляецца вырашанай, і што пастанова Францыі ў гэтым пытанні - канчатковая.

11 снежня Польшча падпісала кантракт з ЗША на пастаўку 40 высокадакладных ракет. «Цяпер, калі працягваецца канфлікт паміж Расеяй і Украінай, мець сучасную зброю асабліва неабходна», - заявіў кіраўнік Мінабароны Польшчы Томаш Семоняк.

Прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі раней заявіў, што прыярытэтам Польшчы з'яўляецца пабудова уласных супрацьракетных і супрацьпаветраных абаронных сістэм. Польшча і краіны Прыбалтыкі прапанавалі нацэліць сістэму супрацьракетнай абароны (еўраПРА) супраць Расеі. З адпаведным зваротам гэтыя дзяржавы звярнуліся да кіраўніцтва NATO.

Апошнія навіны