BE RU EN

Сетка заправак А-100 афіцыйна пацвердзіла пераход на беларускую мову

  • 8.01.2015, 17:36

З 1 студзеня ўсім аператарам рэкамендавана размаўляць з кліентамі па-беларуску, а на працягу месяца будуць замененыя ўсе шыльды і цэтлікі.

Як адзначыла генеральны дырэктар сеткі заправак А-100 Ірына Валадзько, праграма пераходу на беларускую мову будзе мяккай і паступовай. На працягу 2015 на запраўках можна будзе пачуць абедзве дзяржаўныя мовы. Але ўжо цяпер асноўнай версіяй сайта кампаніі з'яўляецца беларуская, на беларускай мове вядзецца група ў сацсетках, паведамляе "Iнтерфакс".

Аператарам рэкамендавалі з усімі гаварыць па-беларуску, але зразумела, што такія рэчы не робяцца за адзін дзень па загаду зверху. Таму Ірына Валадзько заклікае кліентаў ставіцца з разуменнем, дапамагаць і канструктыўна крытыкаваць ініцыятыву кампаніі.

У прэс-рэлізе адзначаецца, што пераход А-100 на беларускую мову адбыўся пры цесным супрацоўніцтве з курсамі "Мовы наноў". Прынамсі, для супрацоўнікаў былі арганізаваны заняткі па праграме курсаў. А экспэрты-перакладчыкі службы "Хуткая моўная Дапамога" бясплатна перавялі шыльды і аб'явы на запраўках, больш за 3000 цэтлікаў для тавараў, а таксама стварылі размоўнікі для персаналу. Усё гэта будзе паступова з'яўляцца на ўсіх паліўных станцыях кампаніі.

У рэлізе таксама падкрэсліваецца, што А-100 - адзіная ў Беларусі прыватная сетка заправак з беларускім капіталам.

Апошнія навіны