BE RU EN

Беларускія банкі не будуць прымаць уклады меншыя за 10 мільёнаў?

  • 6.01.2015, 17:20

Нацыянальны банк Беларусі раіць камерцыйным банкам скарэктаваць умовы гарантаваных рублёвых укладаў, якія прыцягваюцца з 1 студзеня 2015 года.

Як адзначаецца ў лісце Нацбанку, тэрмін укладу павінен складаць 1 год, мінімальная сума першапачатковага ўнёску - 10 млн рублёў. Стаўка асноўнага адсоткавага даходу не павінна перавышаць стаўкі рэфінансавання, зменшанай на 5 працэнтных пунктаў, БелТА.

Памер дадатковага працэнтнага даходу залежыць ад змены курсу даляра. У лісце прыводзіцца формула разліку гэтага даходу.

Дадатковы даход выплачваецца ў дзень наступлення тэрміну вяртання ўкладу пры ўмове, што вяртанне поўнай сумы праводзіцца ў тэрмін. Папаўненне ўкладаў, адкрытых з 1 студзеня, праводзіцца не будзе. Не прадугледжана і падаўжэнне тэрміну вяртання.

Каб пакрыць выдаткі ў такіх укладах, якія прыцягваюцца з 1 студзеня, Нацбанк рэкамендаваў камбанкам распрацаваць і ўкараніць крэдытны прадукт з аналагічным механізмам ўстанаўлення працэнтаў за карыстанне крэдытам, які кампенсуе страты ад змены курсу беларускага рубля да курсу даляра.

Гарантаваныя рублёвыя ўклады, прыцягнутыя банкамі на 1 студзеня 2015 года, папаўняцца не будуць. У такіх укладах кампенсацыя расходаў будзе праводзіцца Нацбанкам у парадку, узгодненым з банкамі.

Як адзначыў у каментары для БЕЛТА аналітык групы кампаній Forex Club Валерый Палхоўскі, мінімальная сума першапачатковага ўзносу ў 10 млн рублёў дазволіць збіць неапраўданы попыт на гарантаваныя ўклады ў выпадку ўзнікнення ажыятажу.

«Увядзенне мінімальнай сумы першапачатковага ўзносу ў 10 млн рублёў дасць магчымасць не дапусціць, каб адкрывалася занадта вялікая колькасць дробных укладаў. Гэта дазволіць зняць нагрузку з банкаў у выпадку ажыятажу і павышанага тэрміну», - лічыць эксперт.

Валерый Палхоўскі адзначыў, што гарантаваныя рублёвыя ўклады сталі моцным інструментам супраць дэвальвацыйных чаканняў і да любых змен ва ўмовах іх размяшчэння варта падыходзіць асцярожна.

«Як інструмент супраць дэвальвацыйных чаканняў праз некаторае ўзмацненне жорсткасці ўмоў такія ўклады губляюць сваю прывабнасць для спажыўца», - мяркуе экспэрт.

Ён звярнуў увагу, што да снежня 2014 года ўклады з механізмам індэксацыі зберажэнняў пры змене абменнага курсу беларускага рубля не значыліся сярод самых папулярных банкаўскіх прадуктаў. Аднак менавіта імі скарысталіся многія фундатары, калі быў уведзены 30-адсоткавы збор пры куплі валюты.

Тэрміновыя гарантаваныя рублёвыя ўклады, якія абаронены ад курсавых рызык, прапануюць «Беларусбанк» («Гарант»), «Белінвестбанк» («Ашчадны») і «Белаграпрамбанк» («Індэксаваны»).

Апошнія навіны