BE RU EN

Прапанова Аланда аб скасаванні санкцый супраць РФ не з'яўляецца пазіцыяй ЕЗ

  • 5.01.2015, 21:05

Пазіцыя прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда аб пераглядзе санкцый ЕЗ супраць РФ з'яўляецца ягоным асабістым меркаваннем.

Так у панядзелак у Бруселі пракаментавала адпаведныя выказванні Аланда прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ у пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Федэрыкі Магерыні Катрын Рэй, паведамляе Европравда.

"Спадар Аланд казаў ад імя Францыі. Што тычыцца Камісіі, то я нагадаю вам пра высновы снежаньскага саміта ЕЗ", - сказала яна.

У высновах снежаньскага саміта ЕЗ аб Украіне, у прыватнасці, адзначана, што Еўрапейскі звяз пры неабходнасці гатовы распачаць далейшыя крокі і прыняць новыя санкцыі, калі гэтага запатрабуе сітуацыя ва Украіне.

Рэй таксама дадала, што ЕЗ знаходзіцца ў пастаянным кантакце з усімі ўдзельнікамі сустрэчы ў Астане, але не стала раскрываць падрабязнасцей названых кантактаў.

Нагадаем, прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд заявіў, што санкцыі супраць РФ павінныя быць знятыя ў выпадку дасягнення прагрэсу ў вырашэнні канфлікту ў Данбасе. "Калі ў Расеі крызіс, то гэта не абавязкова добра для Еўропы. Я думаю, што санкцыі павінныя быць спыненыя. Калі будзе прагрэс, яны павінныя быць знятыя. Калі прагрэсу не будзе - санкцыі застануцца", - сказаў французскі прэзідэнт.

Аланд мяркуе, што расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін ужо заплаціў "дастаткова высокую цану" за свае дзеянні ў падтрымку прарасейскіх баевікоў.

Ён адзначыў, што хоча працягу дыялогу з Расеяй і пагадзіўся на ўдзел у сустрэчы ў нармандскім фармаце, якая адбудзецца 15 студзеня ў Астане.

"Я буду ў Астане на перамовах 15 студзеня пры ўмове, што мы дасягнем прагрэсу. І я веру, што ён будзе дасягнуты", - сказаў Аланд.

Апошнія навіны