BE RU EN

На рэканструкцыю замкаў грошай няма

  • 5.01.2015, 19:12

Старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў расказаў пра намечаныя планы на 2015 год.

Так, у Гародні пачне працаваць парк высокіх тэхналогій, які размесціцца на тэрыторыі былой вайсковай часткі. У Шчучыне ў верасні пройдзе свята беларускага пісьменства, а ў Дзятлаве - абласныя дажынкі. Нягледзячы на сціпласць абласнога бюджэту, улада мае намер развіваць культуру, надаваць належную ўвагу бюджэтнай і сацыяльнай сферам, гістарычнай спадчыне, піша «Вечерний Гродно».

Праўда, запланаваных фінансаў не хопіць на аднаўленне замкаў - занадта выдаткова. Мабыць, адзіным выключэннем стане рэканструкцыя палаца Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне, завяршэнне якой намечанае на верасень 2015 года.

Важнай задачай стане заканчэнне будаўніцтва абласной філармоніі, паліклінікі, школы і дзіцячага садка ў Вішнеўцу, паліклінік і дзіцячых садоў у некаторых райцэнтрах. На гэтыя мэты будуць шукаць сродкі.

У канцы першага квартала 2015-га павіннае пачацца пашырэнне да чатырох палос чарговага ўчастка трасы М6 - ад Шчучына да павароту на Вільню. Вядома, што на гэтыя мэты ўжо выдзелены льготны крэдыт Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця (у памеры 250 мільёнаў даляраў). Запланаваны тэрмін выканання работ - два гады.

Апошнія навіны