BE RU EN

Памёр былы міністр Васіль Лявонаў

  • 4.01.2015, 14:46

Васіль Лявонаў памёр сёння ва ўзросце 76 гадоў.

Пра гэта паведаміў «Радыё Свабода» паплечнік былога міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Аляксандр Коктыш.

Васіль Лявонаў - былы міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі. Нарадзіўся 16 красавіка 1938 года ў вёсцы Дубянец Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. У 1964 годзе скончыў Беларускі інстытут механізацыі, а потым Мінскую вышэйшую партыйную школу. У 1984-1989 старшыня Мандатнай камісіі, дэпутат Вярхоўнага Савета СССР. У 1991 на некалькі месяцаў прызначаны вядучым спецыялістам Галоўнага ўпраўлення эканамічных сувязяў з капіталістычнымі краінамі ў Маскве. Пасля забароны КПСС быў накіраваны гандлёвым прадстаўніком Беларусі ў Нямеччыну (1991-1994).

Падчас выбараў першага прэзідэнта Беларусі ў 1994 годзе Васіль Лявонаў адкрыта падтрымліваў В. Кебіча, аднак нягледзячы на гэта, прыняў прапанову А. Лукашэнкі заняць пасаду міністра сельскай гаспадаркі і харчавання. Лявонаў не падтрымаў ідэю лістападаўскага рэферэндуму 1996 года, пасля чаго ў міністэрстве пачаліся масавыя праверкі.

Васіль Лявонаў паслядоўна выступаў з прапановамі аб рэфармаванні сельскай гаспадаркі і яе вызваленне ад камандна-адміністрацыйных метадаў, што і стала асноўнай прычынай ягонага арышту ў 1997 годзе.

Быў арыштаваны 11 лістапада 1997 года ў працоўным кабінеце. Экс-міністру былі прад'яўленыя абвінавачванні паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу РБ: арт. 91.1 - «крадзеж маёмасці ў асабліва буйных сумах», арт. 169 - «атрыманне хабару» і арт. 213 - «незаконнае захоўванне ладункаў і зброі». На судзе сваёй віны Васіль Лявонаў не прызнаў.

Ужо ў першай сваёй прамове ён заявіў, што ўважае сваё заключэнне палітычнай справай, не верыць у справядлівасць суда, так як, на ягоную думку, яго будзе судзіць не суд, а асабіста А. Лукашэнка. Лявонаў быў прызнаны Вярхоўным судом вінаватым у хабарніцтве і крадзяжы дзяржаўнай маёмасці і пакараны 4 гадамі калоніі з канфіскацыяй маёмасці.

Васіль Лявонаў пакутаваў на шэраг цяжкіх хранічных захворванняў. Стан ягонага здароўя падчас зняволення значна пагоршыўся, ён перанёс некалькі сардэчных прыступаў. Вызвалены 5 кастрычнік 2000 года паводле амністыі.

У 2001 г узначаліў аргкамітэт руху «За новую Беларусь», стаў адной з ключавых фігур у працэсе абрання адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2001 года.

Апошнія навіны