BE RU EN

Жарко: Медыкі павінны працаваць не за грошы

  • 30.01.2015, 14:58

Медыкам, якія чакаюць падвышэння заробку, міністр аховы здароўя нагадаў аб клятве Гіпакрата.

На калегіі Міністэрства аховы здароўя, якая 30 студзеня сабрала ўсіх кіраўнікоў галіны, міністр Васіль Жарко распавёў, што ў гэты няпросты крызісны год кожны медык разумее, што даваў клятву Гіпакрата. "І працуе не за грошы. А паводле сумлення і свайго паклікання".

Грашовы чыннік вельмі важны, і чым большы ў чалавека дастатак, вядома, тым лепш. Але міністр падкрэсліў, што міністэрскія работнікі - гэта не тыя людзі, якія не разумеюць, у якім стане цяпер эканоміка, піша tut.by.

Васіль Жарко нагадаў, што ў мінулым годзе заробкі медыкам падвышалі двойчы. Першы раз - для амбулаторна-паліклінічнага звяна, другі - для ўсёй сістэмы аховы здароўя. У 2015 годзе падвышаць заробкі будуць толькі за кошт эканоміі і аптымізацыі бюджэтных сродкаў.

"Частку мы будзем накіроўваць на стымуляванне (работы медыкаў), а частку - на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы", - растлумачыў чыноўнік.

Таксама міністр расказаў, што ў 2014 годзе ўдалося зэканоміць 255 млрд рублёў, якія пайшлі на заробкі медыкам.

Нагадаем, у мінулым годзе былы намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Тозік заявіў, што галоўная праблема аховы здароўя Беларусі - праблема заработнай платы медперсаналу. Развязваць яе трэба на працягу двух гадоў, "інакш ёсць пагроза дэградацыі галіны", казаў Васіль Жарко на выніковай калегіі Міністэрства аховы здароўя ў пачатку 2014 года. І паабяцаў, што ў 2014 годзе на 40% павялічыцца заробак участковых лекараў і медперсаналу хуткай меддапамогі. Але заробак работнікаў хуткай дапамогі ў красавіку вырас усяго на 320-450 тысяч рублёў.

Акрамя таго, на пасадзе намесніка прэм'ер-міністра Анатоль Тозік неаднаразова выказваўся пра тое, што чалавек павінен плаціць за бясплатную меддапамогу. Менавіта Анатоль Тозік яшчэ ў пачатку 2012 года прапанаваў увесці плату за наведванне паліклінік.

Апошнія навіны