BE RU EN

Судна з трубамі для «Паўднёвага патоку» села на мель у Балгарыі

  • 3.01.2015, 20:20

Судна, гружанае трубамі для газаправода «Паўднёвы паток», села на мель непадалёк ад порта Бургас у Балгарыі.

Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на нацыянальнае радыё краіны.

«Ніякай небяспекі ні для экіпажа, ні для судна няма. Корпус карабля пашкоджанняў не атрымаў. У бліжэйшы час пры дапамозе буксіра ён будзе выведзены на глыбокую ваду», - сказаў начальнік марской адміністрацыі горада Станімір Ніколаў.

У гэты момант у партах Бургаса і Варны складуюць трубы для марскога ўчастка замарожанага праекта «Паўднёвы паток».

Будаўніцтва газаправода «Паўднёвы паток» было прыпыненае 1 снежня пасля візіту прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна ў Анкару. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, рэалізацыя праекта не можа прадаўжацца ў цяперашніх умовах. Пуцін удакладніў, што Расея мае намер пабудаваць новыя трубаправодныя сістэмы, накіраваныя на іншыя рынкі, у тым ліку ў Турцыю. Аб канчатковым закрыцці «Паўднёвага патоку» таксама казалі кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер і міністр энергетыкі Расеі Аляксандр Новак.

Фота: Аляксей Паўлішак/TACC

Апошнія навіны