BE RU EN

ФСБ распачала супраць Саўчанкі справу за «незаконнае перасячэнне мяжы»

  • 29.01.2015, 18:06

Украінская лётчыца Надзея Саўчанка, якая была выкрадзеная спецслужбамі РФ, стала фігуранткай яшчэ адной крымінальнай справы ў Расеі.

ФСБ распачала справу аб незаконным перасячэнні мяжы. Саму лётчыцу, якая цяпер праводзіць галадоўку, адправілі ў медсанчастку СІЗА «Матроская цішыня» праз рэзкую страту вагі.

У дачыненні да ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі распачалі крымінальную справу за незаконны пераход мяжы (ст.322 КК РФ). Пра гэта ў твітэры напісаў яе адвакат Ілля Новікаў, піша РБК.

«Яшчэ дрэнныя навіны. ФСБ распачала на Надзею Саўчанку крымінальную справу за незаконны пераход мяжы. Арт 322 КК», - паведаміў адвакат.

Новікаў удакладніў «Інтерфаксу», што ягонай падабароннай былі паказаныя дакументы аб пачатку гэтай крымінальнай справы. «...> Не толькі выкралі Саўчанку з тэрыторыі Украіны, але цяпер яшчэ і шыюць справу аб нібыта незаконным перасячэнні мяжы. Ок.», - пракаментаваў новую справу адвакат Саўчанкі Мікалай Полазаў.

«Гэта адказ на ўчорашняе. Яны сапраўды распачалі на Саўчанку яшчэ адну справу аб незаконным перасячэнні мяжы. Самі прывезлі, самі абвінавацілі», - напісаў у сваім твітэры трэці адвакат лётчыцы Марк Фейгін. Акрамя таго, Саўчанку, якая раней абвясціла галадоўку, адправілі ў медсанчастку СІЗА «Матроская цішыня» праз рэзкую страту вагі. «У сувязі з доўгай адмовай ад прыёму ежы Саўчанкі ФСВП Расеі прынятае рашэнне аб накіраванні яе ў медыцынскую ўстанову для дадатковага медыцынскага абследавання і далейшага назірання», - паведамілі ў прэс-службе ФСВП Расеі.

Паводле інфармацыі ведамства, зараз стан здароўя Саўчанкі ацэньваецца як здавальняючы. «Яна ўвесь час знаходзіцца пад кантролем медыцынскага персаналу і атрымлівае неабходную падтрымальную тэрапію», - дадалі ў ведамстве. У ФСВП таксама адзначылі, што медработнікі рэгулярна праводзяць з Саўчанкай прафілактычныя гутаркі, накіраваныя на адмову ад далейшай галадоўкі і тлумачаць магчымыя яе наступствы.

На думку Полазава, лётчыцу адправілі ў турэмны шпіталь, «каб пазбавіць яе магчымасці зносін з адвакатамі і для прэсінгу ФСБ у другой справе».

Нагадаем, што Саўчанка гвалтоўна ўтрымліваецца ў Расеі пасля выкрадання ў чэрвені ў раёне Луганска. Яна абвінавачваецца ў датычнасці да забойства двух журналістаў ВГТРК, якія загінулі ў чэрвені падчас расейскай агрэсіі ў Данбасе. На час следства яна арыштаваная да 13 лютага 2015 года. Усе абвінавачванні Саўчанка катэгарычна адхіляе. На выбарах у Вярхоўную Раду Украіны яна была абраная дэпутатам ад партыі Юліі Цімашэнка Бацькіўшчына. МЗС Украіны настойвае, што Саўчанку ўтрымліваюць незаконна. Вызваліць Саўчанку прызываюць у ЕЗ і ЗША.

Апошнія навіны