BE RU EN

Кастра патрабуе ад ЗША вярнуць Гуантанама

  • 29.01.2015, 10:26

Куба запатрабавала ад ЗША вяртання вайсковай базы Гуантанама.

Са слоў кубінскіх уладаў, гэта адна з умоў для нармалізацыі стасункаў паміж дзвюма краінамі. Рауль Кастра таксама заклікаў Вашынгтон скасаваць гандлёвае эмбарга і выключыць Кубу са спісу краін-спонсараў тэрарызму, паведамляе BBC.

У снежні мінулага года ЗША і Куба абвясцілі аб аднаўленні дыпламатычных стасункаў, якія былі разарваныя ў 1961 годзе.

Некалькі дзён таму дэлегацыя кангрэса ЗША прыбыла ў Гавану для перамоваў аб адкрыцці пасольстваў.

Тым часам кубінская дзяржаўная газета апублікавала ліст Фідэля Кастра, у якім, у прыватнасці, гаворыцца: «Мы будзем заўсёды падтрымліваць супрацоўніцтва і сяброўства з усімі людзьмі на зямлі, у тым ліку з нашымі палітычнымі праціўнікамі».

Гэтую фразу палітолагі разглядаюць як сігнал адабрэння цяперашняга пацяплення стасункаў з ЗША з боку лідэра кубінскай рэвалюцыі.

Са слоў Фідэля, ён «не давярае палітыцы ЗША», аднак гэта не азначае, што ён адхіляе «мірнае развязанне канфлікту».

Апошнія навіны