BE RU EN

Гарбачоў назваў «лухтой» заявы Дзярждумы пра «анексію» ГДР

  • 28.01.2015, 18:58

Ні аб якім рэферэндуме тады не магло быць і гаворкі, запэўнівае ён.

Экс-прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў назваў "лухтой" заяву дэпутатаў Дзярждумы пра нібыта зробленую Федэратыўнай Рэспублікай Германіяй "анексію" Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі, піша "Інтерфакс".

"Нельга з пазіцыі сённяшняга дня даваць ацэнкі таго, што было ў іншай эпосе, у іншы час, 25 гадоў назад. Аб якім рэферэндуме (у ГДР) магла ісці гаворка, калі ў дзвюх краінах - і ў ГДР, і ў ФРГ - ішлі статысячныя мітынгі з адзіным лозунгам: "Мы адзіны народ!". Ніхто ж гэтага не адмаўляў і адмаўляць гэта немагчыма, таму нікому нават у галаву не прыходзіла праводзіць рэферэндум", - абурыўся Гарбачоў.

"Якая ж анексія? Пра гэта і гаворкі не ідзе. Не выпадкова самай папулярнай у той час у Нямеччыне была кніга "Расколатае неба". Гэта аб Нямеччыне. Так што прапанова (дэпутатаў ДзД прыняць заяву аб анексіі ГДР з боку ФРГ - рэд.) - проста лухта нейкая", - падкрэсліў ён.

Гарбачоў заклікаў не спрашчаць тагачасную сітуацыю і не "даваць ацэнку мінуламу" зыходзячы з "сённяшніх поглядаў".

Старшыня Дзярждумы РФ Сяргей Нарышкін даручыў прапрацаваць заяву, якая асуджае "анексію Германскай дэмакратычнай рэспублікі Федэратыўнай рэспублікай Германія ў 1989 годзе". Ініцыятарам такога кроку стаў дэпутат ад КПРФ Мікалай Іваноў.

"Паважаны Сяргей Яўгенавіч, мы ўсе суперажывалі вам, калі 26 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы вы адбівалі нападкі старшыні Ан Брасер, якая вінаваціла Расею ў "анексіі" Крыму", - звярнуўся ён да спікера.

"Прапаную ў якасці кроку ў адказ даць даручэнне камітэту міжнародных спраў падрыхтаваць заяву, што асуджае анексію Германскай дэмакратычнай рэспублікі Федэратыўнай рэспублікай Германія ў 1989 годзе. Тым больш што, у адрозненне ад Крыму, у ГДР агульнанародны рэферэндум праведзены не быў", - сказаў ён.

Апошнія навіны