BE RU EN

Мінгандлю будзе шукаць фальшывы мёд

  • 24.01.2015, 15:26

Міністэрства гандлю мае намер навесці парадак на мядовых кірмашах Беларусі.

Пра гэта паведаміла намесніца міністра гандлю Ірына Наркевіч на сустрэчы з прадстаўнікамі зацікаўленых міністэрстваў і грамадскіх аб'яднанняў пчаляроў. Яна звярнула ўвагу, што мядовыя кірмашы набылі шырокі маштаб, а разам з тым - спантанны і хаатычны характар. Часцяком мясцовыя органы ўлады, Мінгандлю не ведаюць пра месца і час іх правядзення, піша БелТА.

Гэта, у сваю чаргу, абцяжарвае кантроль якасці прадаванай там прадукцыі. Да ўсяго спецыялісты звяртаюць увагу: аналіз так званых экзатычных мядоў нярэдка паказвае, што сабраныя яны з традыцыйных, а не элітных раслін-меданосаў. Падман пакупніка - у наяўнасці.

«На парадку дня - абарона правоў спажыўца. Ён павінен ведаць, які мёд купіў, як і дзе яго праверыць, які дакумент яму на гэты мёд дадуць. Ён заплаціў немалую суму, каб проста выкінуць банку мёду, нават калі той проста не задавальняе канкрэтнага спажыўца», - сказала Ірына Наркевіч.

Актуальнасці тэме надае і той аспект, што сярод пакупнікоў мёду нямала пажылых, хворых людзей, якія вераць у цудадзейныя ўласцівасці мёду, аддаюць за гэта немалыя грошы, а набываюць у выніку фальсіфікат.

Намесніца міністра прапанавала вызначыць адзіныя правілы продажу мёду і прадуктаў пчалярства, магчыма выйсці на стварэнне таго ці іншага нарматыўнага прававога акта, які рэгулюе гэтыя пытанні. На думку Ірыны Наркевіч, неабходны таксама дакладны пералік дакументаў, які сведчыць аб якасці і бяспецы мёду ва ўсіх месцах продажу.

Апошнія навіны