BE RU EN

Пальчаткі Махамеда Алі прададуць на аўкцыёне

  • 24.01.2015, 10:30

Баксёрскія пальчаткі Махамеда Алі, у якіх ён упершыню абараніў чэмпіёнскі тытул, пойдуць з малатка.

Таргі правядзе аўкцыённы дом Heritage Auctions у Нью-Ёрку 21 лютага. Як чакаецца, лот будзе прададзены больш чым за мільён даляраў, паведамляе Lenta.ru са спасылкай на Associated Press.

У гэтых пальчатках 25 траўня 1965 года цяжкавагавік Алі, які насіў тады імя Касіус Клей, атрымаў перамогу ў паядынку з Соні Лістанам. У першым раўндзе Алі амаль незаўважным ударам, які пасля ахрысцілі прывідным, адправіў свайго апанента ў накаўт. Лістан правёў на падлозе 17 секунд.

У жніўні 2014 на аўкцыёне ў Кліўлендзе былі прададзеныя пальчаткі, у якіх Алі баксіраваў у першым з трох «паядынкаў стагоддзя» з Джо Фрэйзерам. Ананімны пакупнік набыў гэты лот за 388,3 тысячы даляраў.

У лютым мінулага года з малатка сышлі пальчаткі, у якіх Алі здабыў першы ў сваёй кар'еры тытул чэмпіёна свету ў цяжкай вазе. Яны былі прададзеныя за 836,5 тысячы даляраў.

Алі, які ўважаецца за аднаго з самых вядомых баксёраў у гісторыі, насіў тытул абсалютнага чэмпіёна свету ў цяжкай вазе з 1964 да 1966 года, а затым з 1974 да 1978 года. У 1960 годзе ён таксама здабыў тытул алімпійскага чэмпіёна ў вазе да 81 кілаграма.

Фота: Tony Gutierrez/AP

Апошнія навіны