Lamborghini паказала спорткар для гонак на цягавітасць
- 22.01.2015, 17:18
Кампанія Lamborghini прадставіла суперкар Huracan GT3, прызначаны для гонак на цягавітасць.
У 2015 годзе гэтыя машыны возьмуць удзел у кузаўным чэмпіянаце Blancpain Endurance Series. Такая машына, але з іншымі аэрадынамічнымі элементамі, была прадстаўленая раней - яна выступіць у монакубку італійскай маркі пад назвай Super Trofeo, піша motor.ru.
Huracan GT3 зменіць у чэмпіянатах купэ Gallardo. У адрозненне ад папярэдніка, які абсталёўваўся пяцілітровым маторам V10 магутнасцю 535 конскіх сіл, навінка атрымала дзесяціцыліндровы агрэгат аб'ёмам 5,2 літра. Аддача новага агрэгата пакуль не вядомая. Матор спалучаны з шасціступеньчатай секвентальнай трансмісіяй, абсталяванай трохдыскавым гоначным счапленнем.
Аўтамабіль, у канструкцыі якога выкарыстана мноства вугляпластыкавых элементаў, захаваў усталяваную правіламі масу ў 1239 кілаграмаў. Распрацоўкай кузава займалася кампанія Dallara. У адрозненне ад Gallardo, ён мае іншае аэрадынамічнае абважванне, у якое ўвайшлі больш доўгі пярэдні сплітар і раней адсутныя шырокія бакавыя «спадніцы».
Кошт Huracan GT3 складае ад 369 тысяч еўра. Першы этап серыі Blancpain Sprint новага сезону аўтамабіль правядзе 11-12 красавіка на трасе ў Монце.
Грамадзянская версія Huracan была прадстаўленая ў канцы 2013 года. Паўнапрывадное купэ абсталёўваецца 5,2-літровым рухавіком V10 магутнасцю 610 конскіх сіл і сяміступеністай рабатызаванай каробкай перадач з двума счапленнямі.