BE RU EN

Украінскія вайскоўцы пакінулі разбураны Данецкі аэрапорт

  • 22.01.2015, 8:24

Усе будынкі аэрапорта, якія можна было выкарыстоўваць для абароны, разбураныя.

Пра гэта на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» паведамляе галоўны рэдактар сайта Цензор.нет Юрый Бутусаў.

«Новы і стары тэрмінал, вежа кіравання, усё, што магло паслужыць як апорны пункт абароны цалкам знішчаны. Аэрапорт прастрэльваецца прамой наводкай, але з будынка новага тэрмінала апошнія выжылыя абаронцы сышлі толькі сёння... Дзякуй тым, хто перажыў пекла апошніх дзён абароны, але застаўся верны прысязе і воінскаму абавязку да канца. Дзякуй тым хто паранены, і вечная памяць тым, хто застаўся ў новым тэрмінале назаўжды», - напісаў ён.

Інфармацыю пацвердзілі і байцы батальёна «Азоў».

«Як стала вядома, украінскія ваяры, якія баранілі ДАП, вымушаныя былі здаць тое, што яшчэ год таму было выдатным, сучасным аэрапортам. Эпапея гераічнай абароны доўжылася 242 дня», - гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, цягам апошніх дзён баевікі ўшчыльную наблізіліся да пазіцый украінскіх сілавікоў у аэрапорце Данецка. Пазней тэрарысты некалькі разоў заяўлялі, што яны нібыта «зачысцілі» тэрмінала, у якім былі заблакаваныя байцы. Аднак гераічная абарона аэрапорта працягвалася да сённяшняга дня.

Раней ужо неаднаразова паведамлялася аб тым, што беларусы таксама бяруць удзел у баях супраць тэрарыстаў.

Украінскія байцы ўтрымлівалі пазіцыі ў стратэгічнай кропцы пад захопленым тэрарыстамі Данецкам некалькі месяцаў.

Апошнія навіны