Былы фермер: Улада баіцца прыватніка, як чорт ладану
- 21.01.2015, 14:08
Сельская гаспадарка ў Беларусі за 20 гадоў незалежнасці застаецца стратнай галіной прамысловасці, як гэта было ў савецкі час.
Перавага аддаецца ўсё тым жа калгасам, паведамляе «Радыё Рацыя».
У той час, як да фермерскіх гаспадарак адносіны з боку ўлады больш жорсткія, кажа былы фермер, уладальнік вялікай прыватнай гаспадаркі Аляксандр Бяльчук:
- Бухгалтара трымай, дакументы ўсе складай і на 25 гектарах зямлі. Дайце пустое памяшканне фермы - васемнаццаць памяшканняў у нас у вёсцы стаіць. На прыёме старшыня Дзяржкаммаёмасці Кузняцоў даў каманду: «Дайце вы яму, няхай працуе». Раённыя ўлады - не і ўсё - разбяром, закапаем, але не дамо.
Са слоў фермера, цяперашняй уладзе не патрэбны прыватнікі, і яны нават небяспечныя для яе:
- Улада баіцца прыватніка, як чорт ладану. Чым будзеш кіраваць, калі ўсе будуць прыватнікамі? А так прадыктаваў цэны на малако 3600, а манапаліст зарабляе грошы - 15 тысяч, 12 тысяч абястлушчанае малако прадае. Сказаў за карову, за кілаграм - 17 тысяч, будзь добры, здавай на мясакамбінат, а каўбаса па 170.
Цяпер Аляксандр Бяльчук, маючы 57 гектараў зямлі, і 40 галоў буйной рагатай жывёлы, падпадае пад закон аб так званых «дармаедах». Таму што праца ў прыватнай гаспадарцы не залічваецца ў працоўны стаж.