BE RU EN

Самалёт Air Asia мог пайсці на дно пасля аварыйнай пасадкі на ваду

  • 2.01.2015, 10:55

Самалёт AirAsia рэйсам QZ8501 мог зрабіць аварыйную пасадку на ваду і толькі затым затануў праз высокія хвалі на моры.

Такую здагадку выказалі эксперты, паведамляе Deutsche Welle.

На думку экспертаў, існуе высокая імавернасць, што пілотам Airbus A320-200 рэйса QZ8501 малазійскай авіякампаніі AirAsia удалося пасадзіць самалёт на ваду. Пасля гэтага, праз высокія хвалі, авіялайнер затануў. На тое, што самалёт не разваліўся ў паветры, паказвае і стан цел загінулых.

На 1 студзеня ратавальнікам удалося знайсці толькі 9 цел, адно з іх было ідэнтыфікаванае і перададзенае сваякам у Інданезію. "Агульная колькасць выяўленых цел складае 9, гэта візуальна пацверджана кіраўнікамі аперацыі", - паведаміў кіраўнік Нацыянальнага пошукава-выратавальнага агенцтва Інданэзіі Бамбанг Сулістыо.

Непагадзь перашкаджае правядзенню аперацыі па пошуку самалёта і цел. "Праблема, з якой мы сутыкнуліся сёння - гэта неспрыяльныя ўмовы надвор'я, - заявіў Бамбанг Сулістыо. - Вышыня хваляў была ад трох да чатырох метраў".

Нагадаем, самалёт авіякампаніі AirAsia ажыццяўляў раніцай у нядзелю, 28 снежня, рэйс QZ8501 з інданэзійскага горада Сурабая ў Сінгапур. На борце самалёта знаходзіліся 162 чалавекі. Кантакт з авіялайнерам быў страчаны за 350 км на поўдзень ад Сінгапура, у інданэзійскай паветранай прасторы. Выратавальныя службы Інданэзіі, Сінгапура і Малайзіі праводзяць пошукавую аперацыю.

Апошнія навіны