BE RU EN

Супраць палітвязня Мікалая Дзядка распачалі новую справу

  • 16.01.2015, 18:40

Мікалаю Дзядку пагражае яшчэ адзін год турмы.

Палітвязня, які змяшчаецца ў «крытай» магілёўскай турме, азнаёмілі з матэрыяламі крымінальнай справы аб ягоным непадпарадкаванні адміністрацыі. Пра гэта распавяла Валерыя Хоціна, жонка Мікалая Дзядка, паведамляе «Радыё Свабода».

«Да Мікалая ездзіў адвакат для ўдзелу ў следчым дзеянні. Гэта значыць, яны ўжо скончылі расследаванне справы. Дакладна два месяцы расследавалі. У выніку выявілася, што следчыя дапыталі толькі супрацоўнікаў турмы. Адміністрацыю, кантралёраў - тых, хто складаў рапарты аб ягоных парушэннях. Але не дапыталі нікога з іншых сведак, напрыклад, сукамернікаў. Хоць за ім лічацца парушэнні, якія складаюцца ў тым, што ён нібыта канфліктаваў з адным з сукамернікаў, але чамусьці нават гэтага чалавека не дапыталі. На азнаямленне са справай Мікалай і адвакат выдаткавалі ўсяго некалькі гадзін. Цяпер яно пойдзе ў пракуратуру, а затым цягам трох тыдняў будзе прызначаны суд. Мяне за 5 дзён да суда павінныя праінфармаваць, спадзяюся, і адваката - таксама. Гэта так павінна быць, а як будзе - не ведаю. Як распавядаў Зміцер Дашкевіч, якога таксама судзілі ў турме, нікому не паведамлялі», - сказала яна.

Калі б не суд, які рыхтуецца, Мікалай Дзядок мог бы разлічваць на вызваленне ўжо 3 сакавіка. Валерыя Хоціна не думае, што ўлады пачалі новы суд над яе мужам, каб толькі напалохаць.

«Там ўсё разлічана. Яны правядуць суд у апошнія дні яго тэрміну, каб ён мінімальна паглынаўся новым тэрмінам і яшчэ заставаўся рэальны год», - мяркуе жонка палітвязня.

Нагадаем, Мікалай Дзядок, а таксама Ігар Аліневіч, Аляксандр Францкевіч, якія праходзілі з ім у адной справе, былі асуджаныя судом Заводскага раёна Менска 27 траўня 2011 года. Яны былі прызнаныя вінаватымі ў злачынствах, прадугледжаных ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Беларусі (злоснае хуліганства) і ч. 2 і 3 арт. 218 КК (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці). Ім інкрымінаваўся шэраг нападаў на будынкі і падпалы, у прыватнасці правядзенне несанкцыянаванай антываеннай акцыі каля будынку Міністэрства абароны ў 2009 годзе, закідванне бутэлькамі з запальнай сумессю тэрыторыі амбасады Расеі ў Менску і будынка турмы на вуліцы Акрэсціна ў 2010 годзе.

Праваабаронцы лічаць прысуд Мікалаю Дзядку і іншым асуджаным у гэтай справе палітычна матываваным і лічаць Мікалая Дзядка палітычным зняволеным.

Апошнія навіны