BE RU EN

У Берасці забаранілі ўсе пікеты супраць фінансавага крызісу

  • 16.01.2015, 18:01

У Берасці ўлады забаранілі ўсе пікеты за адстаўку Лукашэнкі і супраць фінансавага крызісу ў краіне.

Як паведаміў адзін з заяўнікаў акцый намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Вуек, актывісты і прыхільнікі партыі планавалі 17 студзеня правесці 18 пікетаў. Мэтай акцый было патрабаванне адстаўкі кіраўніка дзяржавы, вінаватага, на думку арганізатараў, у валютна-фінансавым крызісе ў краіне; рэалізацыя Антыкарупцыйнай платформы апазіцыі; папулярызацыя новага эканамічнага курсу, распрацаванага АГП, піша БелаПАН.

«Па чатыры пікеты намячаліся ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў і на стадыёне «Лакаматыў», якія вызначаны гарвыканкамам для такіх мерапрыемстваў. Яшчэ дзесяць - на іншых пляцоўках, у прыватнасці, каля буйных гандлёвых аб'ектаў горада. У кожным пікеце меркавалася 20 удзельнікаў», - адзначыў Вуек.

Паводле ягоных слоў, у правядзенні пікетавання ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў і на стадыёне «Лакаматыў» адмоўлена на той падставе, што не выкананыя тэрміны падачы заяў на правядзенне акцый. Астатнія пікеты забароненыя, бо яны планаваліся ў не дазволеных для гэтага ўладамі месцах.

«Я лічу, калі б пададзеныя намі дакументы на гэтыя пікеты і адпавядалі ўсім устаноўленым нормам, чыноўнікі знайшлі б фармальныя прычыны для іх забароны. Улады баяцца акцый пратэсту і робяць усё, каб не дапусціць публічнага выказвання праблем, якія хвалююць жыхароў рэгіёну», - заявіў палітык.

Раней лідар АГП Анатоль Лябедзька паведаміў, што ўлады масава не дазваляюць правядзенне пікетаў 17 і 25 студзеня. Усяго было пададзена 74 заяўкі.

Апошнія навіны